Пралайферы збіраюць подпісы супраць праекта закона МУС аб супрацьстаянні хатняму гвалту
Распачаты збор подпісаў да Лукашэнкі з просьбай перагледзець канцэпцыю.
Канцэпцыю закона МУС Беларусі «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» раскрытыкавалі прасямейныя сілы краіны. Першым супраць закона ў тым выглядзе, у якім яго прадставіла Міністэрства ўнутраных спраў, выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Ён упэўнены, што сцвярджэнні аб «умацаванні інстытута сям'і», якія змяшчаюцца ў Канцэпцыі, прама супярэчаць яе зместу, які атакуе традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, глыбока супярэчыць нацыянальным, культурным, а таксама духоўным традыцыям беларускага народа.
Пра гэта ж заяўляюць шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, якія займаюцца падтрымкай сям'і, мацярынства і дзяцінства.
Так, пралайферы адзначаюць, што карэкцыйныя праграмы, прадугледжаныя канцэпцыяй, не накіраваны на яднанне сям'і і працу з усімі ўдзельнікамі канфлікту. Да таго ж вельмі сумніўная працэдура вызначэння «крыўдзіцеля». У выніку суб'ектыўнага падыходу работніка МУС завадатар (падбухторшчык) сваркі лёгка можа апынуцца пацярпелым бокам.
Таксама актывістаў абурае прапісаная ў канцэпцыі перавага правоў дзіцяці над правамі бацькоў.
З поўным тэкстам звароту, а таксама з прапановамі прасямейных сіл можна пазнаёміцца на сайце katolik.life.