Распачала працу новая грамадская платформа Выбірай.by

Стваральнікі платформы спадзяюцца, што яна зможа стаць пляцоўкай для трохбаковага ўзаемадзеяння — выбарцаў, дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ды лакальных грамадскіх лідараў.

screenshot_from_2017_04_10_15_26_25.png


Сайт Выбірай.by (vybiraj.by) створаны некалькімі выпускнікамі ЕГУ. Тут можна праз мапу альбо спісы акругаў (для тых нямногіх, хто ведае нумар сваёй выбарчай акругі) зайсці на старонку сваёй выбарчай акругі, якая ўтрымлівае звесткі пра афіцыйнага дэпутата (біяграфію, графік прыёму, навіны ды абвесткі акругі) ды мясцовых лакальных лідараў, якія гатовыя дапамагаць выбаршыкам у вырашэнні праблем (г.зв. “альтэрнатыўныя кандыдаты").
Праз адмысловую форму “Напісаць зварот” карыстальнік можа даслаць зварот афіцыйнаму кандыдату альбо альтэрнатыўным кандыдатам. А можна і ўсім адразу, а пасля паглядзець, хто лепш справіцца з “заданнем”. Адказы і працу дэпутатаў і альтэрнатыўных кандыдатаў можна будзе ацаніць, на аснове ацэнак будуць складвацца адмысловыя рэйтынгі самых актыўных і самых абыякавых дэпутатаў ды альтэрнатыўных кандыдатаў.
Стваральнікі платформы кажуць, што ад іншых рэсурсаў, праз якія можна дасылаць звароты ў дзяржаўныя структуры, яна адрозніваецца тым, што канцэнтруецца менавіта на заканадаўчай сферы ды лакальнай працы ў выбарчых акругах.
Пакуль база альтэрнатыўных кандыдатаў яшчэ дапрацоўваецца, таму на дадзены момант можна напісаць зварот толькі афіцыйнаму дэпутату альбо стварыць грамадскі зварот, пад якім мажліва збіраць подпісы аднадумцаў. Першы такі зварот ужо створаны — з патрабаваннем унесці змены ў Закон “Пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь”, які абмяжоўвае права грамадзян на мірны пратэст. Зварот будзе скіраваны старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Наталлі Гуйвік.
Паводле прэс-рэлізу