РэчыДарэчы Junior: маркет для дзяцей і іх бацькоў

Рыхтуемся да новага навучальнага года. 24-25 жніўня ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» адбудзецца дзіцячы маркет РэчыДарэчы Junior. Гэта выдатная магчымасць для бацькоў пазбавіцца ад рэчаў, цацак, кніг, з якіх вырасла дзіця і набыць да новага навучальнага года нешта патрэбнае і натхняльнае.

3__1__11.jpg


На маркеце можна будзе прадаць, купіць, абмяняць ці падарыць рэчы, з якіх выраслі вашыя дзеці, але якія могуць прынесці карысць каму-небудзь яшчэ. А таксама новыя рэчы, канцылярскія тавары, кнігі, навучальныя дапаможнікі і гульні па ўзросту. Час правядзення 11:00 - 17:00.
«Мінск ужо даўно напаткала эканамічная мадэль ЭСС (эканоміка сумеснага спажывання). Пра гэта сведчаць праекты па шэрынгу транспартных сродкаў, адзення, кніг, бытавой тэхнікі, спецыялізаваных працоўных месцаў, якія актыўна развіваюцца, – адзначыла Вольга Аполька, дырэктар па развіцці Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», – У новых сценах нашай Галерэі мы ўжо правялі 5 маркетаў адзення для дарослых, і ўсе яны былі ў той ці іншай меры паспяховымі. Наведвальнасць такіх мерапрыемстваў даходзіць да 600 чалавек у дзень. Напярэдадні новага навучальнага года мы вырашылі арганізаваць дзіцячы маркет, каб дапамагчы бацькам сабраць дзяцей у садок ці ў школу. Купіць тое, чаго не хапае ці прадаць тое, што цяпер ужо не трэба. Спадзяемся, што нашы госці ацэняць гэты фармат і яго арганізацыю».
Чым яшчэ можна будзе заняцца на дзіцячым маркеце ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў»?
Для бацькоў арганізаваны карысныя лекцыі пра працу і развіццё мозга дзіцяці, узроставыя крызісы, першую дапамогу, бацькоў у дэкрэце, актыўнае мацярынства, правільнае харчаванне, булінг у школе і многае іншае. Можна будзе атрымаць кансультацыю псіхолага, лагапеда, педыятра. Даведацца, што новага з'явілася ў сферы альтэрнатыўнай адукацыі: спартыўныя секцыі, школы англійскай мовы, студыі ранняга развіцця.
Для дзяцей арганізаваны буккросінг, дзіцячая пляцоўка, гульні і майстар-класы, знаёмства з музычнымі інструментамі і чытанне ўслых.
Арганізатары маркета сумесна з Чырвоным Крыжам будуць прымаць рэчы на дабрачыннасць у межах рэспубліканскага праекта «Збярэм дзяцей у школу». У прыватнасці, арганізатары прымаюць рэчы для школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў: вопратку, абутак, канцылярскія тавары, кнігі і навучальныя дапаможнікі, спартыўныя тавары.
Продаж ажыццяўляецца дзецьмі ў суправаджэнні з бацькамі. Рэгістрацыя для бацькоў і дзяцей.