Сепаратыст Віктар Каліна ездзіць па Беларусі з турам «Эх, разгуляемся»

Восеньскі тур Віктара Каліны распачаўся ў Дзяржынску і паволі кіруецца ў бок Віцебску. Там яго канцэрт плануецца ў мясцовай філармоніі 23 кастрычніка. Віцебская актывістка Таццяна Севярынец, аднак, спадзяецца, што выступ атрымаецца адмяніць. Адпаведны зварот яна скіравала ў абласны аддзел культуры.

Віктар Каліна

Віктар Каліна


Каліна – адкрыты прыхільнік прарасійскіх сепаратыстаў. У сваіх песнях ён прапагандуе «русский мир» і выказвае падтрыманне гэтак званым ДНР І ЛНР. Таксама ён выказвае шкадаванне, што экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не расстраляў усіх удзельнікаў Майдану.
Рэакцыя Каліны на зварот Таццяны Севярынец не запазнілася
Пад допісам актывісткі спявак пакінуў зняважлівы каментар, а пазней напісаў адказ на сваім профілі на Фэйсбуку.
Сваёй зброяй шансанье называе вершы і песні. За канцэрты на ўсходзе Украіны ён атрымаў шэраг узнагародаў ад сепаратыстаў. Між іншага за, цытата,«памнажэнне культурнай спадчыны “русского мира”».
У Беларусі спявак не мае ўзнагародаў
Затое мае крымінальнае мінулае. У 2007-м годзе яго асудзілі за махлярства на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі. Віктар Каліна – ён жа Віктар Мілько – адседзеў два гады ў наваполацкай калоніі і выйшаў паводле амністыі. За сваю свабоду ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку.
Аматар турэмнага шансону жыве ў Расіі, але па-ранейшаму мае беларускае грамадзянства.
Каліна стаў персонай нон-грата ва Украіне
Прозвішча шансанье ўвайшло ў спіс асобаў, якія ствараюць пагрозу ўкраінскай бяспецы.
Такая рыторыка і погляды не спрыяюць папулярнасці Каліны і ў Беларусі. Два гады таму віцебскія актывісты ўжо дамагліся адмены ягонага канцэрту. І спадзяюцца, што затрымаецца і цяпер.
Паводле Белсат