Сяргей Навумчык: Беларусам не варта спадзявацца на дапамогу іншых

Палітык і журналіст Сяргей Навумчык адзначае, што Украіна ў сваёй палітыцы ў дачыненні Беларусі дзейнічае выключна кіруючыся ўласнымі інтарэсамі — эгаістычна, але прагматычна.

img_20221206_115145_logo.jpg

Якую выснову можна зрабіць з таго, што ЕС не ўвяло новыя санкцыі на Беларусь, бо супраць іх выступіў Кіеў? (пакідаю ў баку тэму эфектыўнасці эканамічных санкцый).

Па-першае, тое, што паміж Кіевам і Мінскам (афіцыйным Мінскам) цалкам верагодна ідуць перамовы. Вось рэжце мяне, але я ў гэтым упэўнены. Па вялікім рахунку, я б вельмі здзівіўся, калі б іх не было — гэта ў абсалютных інтарэсах Кіеву.

Гэта жа толькі сваімі інтарэсамі (а ніяк не інтарэсамі беларускай дэмакратыі) кіраваўся Кіеў, калі да 24 лютага 2022 рабіў «абдымашкі-цалавашкі» з Лукашэнкам — і пры Зяленскім, і пры Парашэнку, і пры Януковічу, і пры Юшчанку, і пры Кучму. Хаця пры іх усіх Лукашэнка кідаў у турмы палітычных апанентаў, а з 2020 развязаў масавы тэрор супраць народа.


Заўважце: ніводзін прэзідэнт Украіны не прыняў ніводнага лідара беларускай апазіцыі (сэлфі ў кулуарах міжнародных канферэнцый прашу не прыгадваць).

І ведаеце, што я вам скажу? Гэта называецца — клопат пра ўласныя нацыянальныя інтарэсы. Так, эгаістычна. Але прагматычна.

Мы жадаем Украіне перамогі. Не ведаю ніводнай сям’і сярод маіх знаёмых тут, у эміграцыі, якая б не дапамагала ці ўкраінскім уцекачам, ці тым, хто змагаецца на фронце супраць расійскіх агрэсараў. Вось проста ніводнай.

Разам з тым — і гэта па-другое — зусім не факт, што перамога Украіны ГАРАНТУЕ перамогу над Лукашэнкам. Калі толькі перамога Украіны не будзе мець вынікам падзенне пуцінскага рэжыму і дэмантаж Расійскай імперыі.

І я нават не ўпэўнены, што Кіеў будзе надта моцна супраціўляцца, калі Пуцін пажадае ўзяць Беларусь у якасці суцяшальнага прызу (Хаця Украіне невыгодна мець на поўначы яшчэ шэсць суб’ектаў РФ).  Ну, што маем — тое і маем. Кіраўнікоў Украіны з іншым  стаўленнем, як паказала гісторыя Украіны трох апошніх дзесяцігоддзяў,  не будзе. Вячаслаў Чарнавіл, які мог бы даць іншы прыклад — забіты ў 99-м.

На вялікі жаль, 32 гады беларускай незалежнасці пацвердзілі, што беларусам не варта спадзявацца на дапамогу іншых.

Але можна скарыстаць «зьнешнія фактары», як гэта было зроблена ў жніўні 1991 году.

Для гэтага трэба, сярод іншага, кіравацца беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі.