Сяргей Міхалок стаў грамадзянскім лідарам года паводле версіі Асамблеі НДА

Лідар вядомага беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок стаў лаўрэатам пятай штогадовай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», якую традыцыйна праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый.



michalok.jpg

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася 23 снежня ў Мінску.
Статуэтку пераможцы і дыплом атрымаў за Міхалка прэс-сакратар гурту.
У намінацыі "Кампанія года" лепшай прызнаная агульнанацыянальная кампанія "Зробім лепш! 2013", якая стварыла пляцоўку для супрацоўніцтва 27 НДА па ўсёй Беларусі. Каардынатар кампаніі Анастасія Александровіч зазначыла, што праект, у якім узялі ўдзел больш  як шэсць тысяч чалавек, ствараўся для людзей і быў "не ў інтэрнэце, а прадстаўляў сабой рэальную справу".
Курсы беларускай мовы "Мова ці кава", якія на працягу года праходзілі ў сталічнай галерэі "Ў", прызнаныя лепшай новай ініцыятывай. Аўтар ідэі і ініцыятар курсаў Кацярына Кібальчыч падкрэсліла, што ўвесь гэты год займалася "практычнай беларусізацыяй" — тым, чым яна "ніколі ў жыцці не займалася". Паводле слоў Кібальчыч, у наступным годзе замест адных будуць арганізаваныя двое курсаў, але пад іншымі назвамі.
Самай прыкметнай рэгіянальнай падзеяй года сталі народныя бунты супраць ліквідацыі свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней. Атрымаць узнагароду ў Мінск прыехала жыхарка вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён) Кацярына Музыкантава. Яна зазначыла, што праблема дагэтуль не вырашана, аднак выказала надзею, што налета сумеснымі намаганнямі НДА, журналістаў і мясцовых жыхароў яе ўдасца пераадолець.
Лепшым сайтам НДА прызнаны інтэрнэт-рэсурс ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" (spring96.org). Праваабаронца Ірына Пракопчык зазначыла, што для "Вясны" ўзнагарода стала нечаканасцю, бо ў той жа намінацыі былі прадстаўлены "сайты больш шырокай тэматыкі". "Галоўнае, каб нас чыталі як мага больш простых людзей, а тэма правоў чалавека шырэй гучала ў грамадстве", — падкрэсліла яна.
У новай намінацыі "Лапаць года" за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў лепшай прызнаная сітуацыя са штрафам у дачыненні да арганізатараў велапрабегу "Стылягі на веласіпедах" у Мінску.
Званне лаўрэата ў намінацыі "Крэатыў года" раздзялілі паміж сабой праект "PRацоўня сацыяльнай рэклямы" і ўстаноўка прыватнага помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага мецэнатам Мікітам Забудам.
Месцам года стала сталічная пляцоўка ЦЭХ, а СМІ года прызнана інтэрнэт-тэлебачанне TUT.BY.
Усяго арганізатарам прэміі сёлета паступіла 160 заявак у дзевяці намінацыях.
Старшыня рабочай групы асамблеі Сяргей Мацкевіч паведаміў, што 2013 год быў "даволі багаты для грамадзянскага сектара". Ён падкрэсліў, што за ўсім гэтым стаяць людзі, якія "ўкладваюць у развіццё трэцяга сектара сваё здароўе, энергію, сілу, частку жыцця".
belapan.by