Свядомыя, наперад!
Неяк адзін вядомы музыкант выказаў задавальненне з таго факту, што ў нашым горадзе ён бачыць усё больш хлопцаў і дзяўчат з гітарамі. «Гэта добры знак. Значыць, ёсць падставы для свабоды творчасці», — акрэсліў ён гэты феномен.
Музычны агляд
Так, у гэтым годзе «хлопцы з гітарамі» стварылі сапраўдны бум на новыя гурты. Але што гэта за каманды? Адны толькі назвы іх красамоўна сведчаць пра іх творчую накіраванасць, іх мары і памкненні. Вось некалькі з іх: «Clover Club», «Unsilent», «Plastic Angels of September», «Firespace», «Rili Dope», «Freelite», «The Blackmail»… І гэткіх экзатычных словазлучэнняў, якімі запаўняюцца афішы сталічных клубаў, можна прывесці цэлую каламажку з прычэпам!
Калі падвесці рысу асноўнай тэндэнцыі гэтага года, то можна гаварыць, што на айчынную рок-сцэну выйшла новае пакаленне, якое можна назваць «глабалісцкім». Гэтыя «хлопцы з гітарамі» бачаць сваю будучыню ні больш, ні менш як часткай сусветнага шоў-бізнэсу, як патэнцыяльных сусветных рок-зорак, без асаблівых сантыментаў да сваёй радзімы — Беларусі.
Вось толькі адна «закавыка»: многія прадстаўнікі «глабалісцкай» рок-генерацыі не вельмі добра валодаюць англійскай мовай, і гэта вынік трывожнага стану выкладання english у краіне. Да таго ж, няспраўджаныя «зоркі» не вельмі добра валодаюць і вакалам, бо ў школе ігнаравалі ўрокі спеваў і заняткі ў хоры. А галоўнае — сучасная русіфікаваная школа ў іх амаль адбіла ахвоту да нацыянальнага, беларускага, да якога яны прызвычаіліся ставіцца з непавагай, і нават з пагардай.
Зрэшты, такіх «феноменаў» можна адшукаць і сярод тых, хто спецыялізуецца на тутэйшым перайманні «русского рока». Толькі мэта здабыцця папулярнасці і накірунак жыццёвых спадзяванняў — Расія.
Адзначу, што не ўсё гурты з англамоўнымі назвамі стойкія непрымальнікі беларускасці. Ёсць калектывы, якія нягледзячы на нязвычныя беларускаму вуху словазлучэнні, застаюцца цвёрдымі прыхільнікамі нацыянальнага. Гэта «Avias», «Martin S», «HandMade», «Re1ikt», «Stew Cramer Band», а такі гурт, як «Weeping Twilight», дык увогуле можна назваць адным з ветэранаў нацыянальнай metal-сцэны.
Ці ёсць будучыня ў «глабалізіраванай» генерацыі беларускага року? Думаю, што шанцы стаць міжнародна прызнанымі рок-зоркамі ёсць ва ўсіх, але толькі рэдкія адзінкі змогуць нейкім чынам «засвяціцца» на тле сусветнага шоў-бізнэсу.
Асноўная ж маса каманд на працягу наступных двух-трох гадоў «кане ў Лету» (служба ў войску, вучоба, размеркаванне, сям’я і г.д.), не пакінуўшы пасля сябе і следу на «фанаграфічных дарожках» айчыннага рок-руху. Застаецца толькі пільна сачыць, каб здольныя музыканты, інструменталісты, таленавітыя меладысты і тэкставікі, якія цяпер граюць у гэтых камандах, не зніклі назаўсёды разам са сваімі праектамі, а змаглі сябе рэалізаваць у нацыянальным кірунку.
Зрэшты, гэтая праца вялася і раней. Праўда, не заўсёды з карысцю для беларускамоўнай плыні. Успомнім, для прыкладу, ранейшыя згубы ў выглядзе пераходу на англійскую мову гуртоў «Tesaurus» і «Deadmarsh», якія раней славіліся сваімі беларускамоўнымі кампазіцыямі. У гэты годзе нядобрым знакам стала адмова ад роднай мовы і альтэрнатыўнай стылістыкі гурта «Зьмяя», аб чым засведчыў новы дыск гурта «Попробуй». Вакалістка гурта Зоя Сахончык тлумачыць гэта тым, што большасць удзельнікаў «Зьмяі» за поп-песні на «обшчэпанятнам». А яна адна пакуль не можа пераканаць сваіх калегаў вярнуцца да таго, што нёс слухачам, напрыклад, альбом «Усё дзеля вас». Апошнім сваім альбомам музыканты паставілі на кон лёс сваёй каманды, і гэта не выклікае аптымізму. Бо новых прыхільнікаў дыск «Попробуй» не дадасць, а старых, хутчэй за ўсё, гурт згубіць…
Мінулы год не быў багатым на фанаграфічныя прэм’еры, але парадаваў некалькімі дзясяткамі рэлізаў, якія стануць добрым дадаткам для нацыянальнай фанатэкі. Напрыклад, гурт «KRIWI» прэзентаваў доўгачаканы альбомам апрацовак народных мелодый «Traukamurauka», а гурт «Кашлаты Вох» унёс сваім фолк-панкам з альбома «Пазаўчора» кроплю разнастайнасці ў айчынную фолк-мадэрн-сцэну. Гэта можна сказаць і пра новы дыск гурта «PAWA» «Cristatus», які акрэсліў новы творчы напрамак гэтага таленавітага і арыгінальнага калектыву.
Айчынную рок-плынь падтрымалі гурты «N.R.M.», якія ў гэтым годзе парадавалі сваіх прыхільнікаў дыскам «Д.П.Б.Ч.», выдадзеным музыкантамі на CD і на вініле. Прыцягнулі ўвагу беларускіх слухачоў новыя альбомы гуртоў «Litvintroll» («Czornaja Panna»), «Amaroka» («Pastka»), «Martin S» («Martin S»), «BosaeSonca» («Zalaty»). Аматары бардаўскай песні папоўнілі сваю калекцыю такімі набыткамі, як альбом «Зубы на далоні» А. Мельнікава, «Сьвятло і цені» Т. Беланогай, «Караблі» гурта «Верасень». Дыск «М1» ад дуэта «Аляксандра і Канстанцін» стаў сапраўдным падарункам тым слухачам, хто цэніць прафесіяналізм выканаўцаў у галіне папулярнай музыкі.
Аматараў складанак парадавала кампіляцыя маладых айчынных рэп-выканаўцаў, якія аб’ядналіся пад вокладкай дыска «Жалуды». Ну а тым, хто нераўнадушны да нацыянальных сімвалаў, хто ставіць свае подпісы за наданне гербу «Пагоня» і бел-чырвона-беламу сцягу статуса нацыянальнай спадчыны, адрасуецца складанка «Сімвалы волі і свабоды», на якім сабраны песні пра герб і сцяг вольнай і незалежнай Беларусі. У памятныя 90-я гады нашых артыстаў, як «афіцыйных», так «альтэрнатыўшыкаў» ніхто не прымушаў спяваць такія песні, яны нараджаліся з самой душы творцаў. Паспрабуйце цяпер назбіраць колькі песень пра сучасную дзяржаўную сімволіку, каб запоўніць імі хоць бы траціну такой складанкі…
Безумоўна, нельга абысці ўвагай разрэкламаваны першы беларускамоўны дыск «Грай» ад «Ляпіса Трубяцкога», які хутка з’явіцца ў продажы. Праграма гэтага дыска падтрымае тых, каму падабаецца думаць пра «Ляпіс Трубяцкой» як нацыянальна арыентаваны гурт, дапаможа ім забыцца пра іншы бок іх творчасці — «идейно-правильный», які так «кладзецца на сэрца» частцы саветызаванай публікі ў Расіі і Беларусі.
Чаго тут больш: гульні з беларускімі слухачамі ці шчырых нацыянальных пачуццяў, пакуль зразумець цяжка. Час пакажа, ці стаў альбом «Грай» для гурта рубіконам, пасля якога вяртання назад ужо няма.
Не зусім безвыходнай, у параўнанні з мінулымі гадамі, складвалася сітуацыя з трансляцыяй беларускамоўных твораў у мясцовым FM-эфіры. Сёння ўжо можна цвёрда казаць, што прынамсі дзве станцыі пачалі звяртаць пільную ўвагу на навінкі беларускамоўнай рок-музыкі, а таксама трансляваць класіку беларускага року мінулых гадоў. Гэта «Радыё-Мінск» і «Радыё-Сталіца». Зрэшты, і там не ўсё добра са «сваімі»: беларускамоўныя творы з’яўляецца, у асноўным, пасля эфірнага прайм-тайму. Да таго ж, многае залежыць ад асобаў, якія знаходзяцца ў той час за аператарскім пультам. Тым не менш, паслухаць старыя класічныя хіты ад «Уліса» ці новыя кампазіцыі «МутнагаВока» на іх хвалях — сапраўднае задавальненне! А вось астатнія станцыі на працягу года старанна займаліся фальсіфікацыяй — ставілі ў эфір расійскіх выканаўцаў з беларускімі каранямі, мясцовыя англамоўныя кавер-гурты, рускамоўныя каверы сусветнавядомых хітоў. І, хутчэй за ўсё, пазначалі іх у сваіх трэк-лістах у раздзеле «белорусские исполнители»…
Сенсацыяй гэтага канцэртнага сезону стаў аншлаг беларускага хіп-хоп-выканаўцы Макса Каржа, які сабраў поўную залу «Мінск-Арэны». Гэтая падзея стала нечаканасцю як для крытыкаў, так і для музычнай супольнасці краіны.
Каментароў, у тым ліку і расійскіх выданнях (напрыклад Lenta.ru), з гэтай нагоды было шмат, асабліва тых што тычацца папярэдніх работ Макса Каржа. Сэнс іх прасочваўся відавочны: ён быў апазіцыйным (беларускамоўным) выканаўцам, своечасова адумаўся, перайшоў на «великий и могучий» — і адразу такі грандыёзны поспех!
Мы ж адкінем усю інфармацыйную пену з нагоды падзеі і адзначым тое, што вынік гэтага канцэрта відавочна аптымістычны: калі самую вялікую канцэртную залу змог сабраць Макс (якія б рэсурсы і рэзервы для гэтага ён ні выкарыстаў), значыць, гэта могуць зрабіць і іншыя беларускія артысты. Патрэбныя ідэя, арганізацыйныя намаганні, рэкламны крэатыў і тое, чаго ні ў аднаго выканаўцы не хапае, — адпаведных фінансавых сродкаў.
Ну, напрыклад, чаму б дзеля выканання любімых хітоў на час канцэрта ў «Мінск-Арэне» не аб’яднацца Лявону Вольскаму і легендарнаму «N.R.M.»? Да таго ж, запрасіць у госці «Мрою» з гітарыстам-віртуозам Віктарам Смольскім, які ў свой час граў у гэтым гурце. Не лішнімі былі б на гэтым музычным свяце «Крамбамбуля» і ZET. А назва для гэтага мега-шоў магла б стаць лозунгам новага грамадскага руху — «Свядомыя, наперад!»