Сёння чакаюцца суды над анархістамі за вянок «гарадавому»

Актывісты анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка, а таксама Сяргей Спарыш, Сяргей Нейдах і яшчэ два актывісты з Расіі знаходзяцца ў мінскай турме на Акрэсціна, піша «Радыё Свабода».

Вячаслаў Касінераў каля фігуры гарадавога. Скрыншот з жывой трансляцыі

Вячаслаў Касінераў каля фігуры гарадавога. Скрыншот з жывой трансляцыі

Актывісты былі затрыманыя міліцыяй 2 снежня пасля ўскладання «вянку іміджу МУС» да скульптуры гарадавога, усталяванай каля будынку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Чакаецца, што адміністратыўныя працэсы над затрыманымі адбудуцца 3 снежня у судзе Маскоўскага раёну Мінску.

Мінскі анархіст Вячаслаў Касінераў 12 сакавіка 2018 правёў «дзёрзкую акцыю супраць міліцэйскага бясчынства». Каля цэнтральнага будынка Міністэрства ўнутраных спраў актывісты накінулі пятлю на шыю помніка гарадавому. Касінерава затрымалі і змясцілі пад варту, дзе ён правёў больш за месяц, яму выставілі абвінавачанне па артыкуле «хуліганства». У выніку, суд пакараў актывіста штрафам у 105 рублёў.

Чытайце таксама:

Помнік, даруй!



17 лістапада з’явілася відэа, на якім падлетак Арсень выбачаецца за тое, што даў поўху гарадавому. Публікацыя на Ютуб-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі спарадзіла шмат крытычных каментараў у інтэрнэце і медыях. Праваабаронцы адзначылі парушэнні закону пры завядзенні адміністрацыйнай справы на падлетка Арсенія і размяшчэнні відэа з ягонымі выбачэннямі ў інтэрнэце.



Начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгі Яўчар быў зняты з пасады. Паводле крыніцаў «Нашай нівы», гэта стала вынікам «агулам нездавальняючай работы», а таксама скандальнай гісторыі вакол скульптуры гарадавога ў Мінску. Сам жа Яўчар кажа, што самастойна прыняў такое рашэнне і сышоў з міліцыі «ў сувязі з поўнай выслугай гадоў».



 Паводле www.svaboda.org