Сёння перакрыюць праспекты Незалежнасці і Пераможцаў
У панядзелак, 10 снежня, збіраюцца часова перакрываць рух «з-за перамяшчэння замежнай дэлегацыі».
Пра часовае абмежаванне 10 снежня руху на праспекце Незалежнасці і Пераможцаў, паведамляе “Звязда” са спасылкай на ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
“З-за перамяшчэння замежнай дэлегацыі па Мінску, абмежаванні будуць дзейнічаць на галоўных магістралях сталіцы. Рух будзе закрыты для ўсіх відаў транспарту”. ДАІ просіць ўлічваць гэтую інфармацыю і раіць кіроўцам выбіраць іншыя маршруты.
Сёння Аляксандр Лукашэнка збіраецца праводзіць перамовы з прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. Перамовы будуць праводзіцца ў Палацы Незалежнасці. Праграма афіцыйнага візіту суданскага лідара ўключае і іншыя мерапрыемствы. Ён прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця пасольства Судана, а таксама “сустрэнецца з высокімі службовымі асобамі”, піша "Звязда".