Спрабавалі сканфіскаваць тавараў на $ 200 тыс! ІП абаранілі калегу (відэа)

Прадпрымальніцкая салідарнасць спрацавала. Прынамсі першы бой бізнесоўцы са ждановіцкага гандлёвага цэнтру «Мір моды» выйгралі.

xsvag_mupik.jpg


Раніцою падаткоўцы мелі намер канфіскаваць дарагі тавар — футры ў прадпрымальніцы, якая даўно вядзе бізнес, рабіла размытненне на ўвесь свой тавар і спраўна плаціла падаткі ад даходаў. Але праз увядзенне новых кантрольных ідэнтыфікацыйных знакаў — у адной з рубрык не паставіла, як цяпер ужо высветлілася, неабходны значок.
«Атрымліваецца, што яны ведаюць, што ў мяне ёсць парушэнне на працягу 7 месяцаў, яны маглі нават выклікаць мяне, сказаць, што ў вас парушэнне, заплаціце штраф і зрабіце правільна. Не, яны пачакалі паўгода, прыйшлі да мяне, для чаго? Каб апісаць усю маю маёмасць. За што? За адну галачку. Гэта ж несправядліва!», — распавядае прадпрымальніца Ірына Філановіч.
Не справядліва, бо такое ж пакаранне чакала б прадпрымальніцу, калі б яна нелегальна ўвозіла і прадавала тавар. А таму ў абарону жанчыны выступіла грамадскае абʼяднанне «Перспектыва».
«Тут жа стратаў для дзяржавы няма, бо чалавек заплаціў падаткі. Усё заплачана і прэтэнзій да гэтага няма. Прэтэнзіі ёсць тэхнічнага характару, але чаму праз гэта трэба абанкручваць бізнес, які пасля не будзе плаціць падаткі і пакідаць чалавека без сродкаў для існавання», — заўважае лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.
Ці паўплывае гэтак жа прадпрымальніцкая салідарнасць на рашэнне суда, які мае вырашыць лёс футраў коштам блізу двухсот тысяч долараў, шмат хто з бізнесоўцаў сумняваецца. Паводле іх, судовыя рашэнні на карысць прадпрымальнікаў, а не падатковай здараюцца надзвычай рэдка.


Паводле Белсат