«Справа аб змове»: паказанні далі камуніст Калякін і журналістка Калінкіна

Сёння ў Мінскім абласным судзе працягнулі разгляд «справы аб змове». У якасці сведкаў выклікалі Калякіна і Калінкіну.

sud_kastuseu_9_1.jpeg


Сёння дапыталі вядомую журналістку Святлану Калінкіну і палітыка Сяргея Калякіна, піша Радыё Р*цыя са спасылкай на Sputnik. Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін заявіў, што ведае трох з пяці абвінавачаных: Аляксандра Фядуту, Рыгора Кастусёва і Юрыя Зянковіча. Па словах Калякіна, яму ніхто не прапаноўваў удзельнічаць у змове і нават у зумах на гэтую тэму. Пакідаючы залу суда, ён пажадаў удачы фігурантам справы.
Журналістка Святлана Калінкіна, якую ў суд выклікала абарона Фядуты, паведаміла, што ведае Аляксандра Фядуту з 1995 года, назвала яго чалавекам-энцыклапедыяй, прыхільнікам палітыкі здаровага сэнсу і адзначыла, што ніколі не сустракала ў яго публіцыстыцы экстрэмісцкіх матываў. Таксама Калінкіна станоўча выказалася і ў дачыненні да Кастусёва як палітыка і чалавека.
Спрэчкі бакоў чакаюцца 26 жніўня. А пакуль у працэсе абвешчаны перапынак.

Нагадаем, Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спецслужбы затрымалі палітолага Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.

Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).
Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).
Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Справу расследаваў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Фігурантамі справы таксама з'яўляюцца таксама псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.
Крымінальную справу пра спробу дзяржаўнага перавароту ў Беларусі Мінскі абласны суд пачаў разглядаць 29 ліпеня. Падчас суда з матэрыялаў справы высветлілася, што Зянковіч заключыў са следствам пагадненне аб супрацоўніцтве, даў чыстасардэчныя паказанні. Пагадненне было падпісанае на ранніх этапах следства. Ён аказаўся адзіным з абвінавачаных, хто пайшоў на здзелку са следствам.