Справа ксяндза Лазара працягнута
Пра гэта паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Уладзіслаў Лазар
Арцыбіскуп сказаў, што ён днямі бачыўся з Уладзіславам Лазарам, святар выконвае сваю працу ў Вялейцы, але справа не закрыта следчымі органамі:
— Спадар Лазар цяпер працуе ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вялейцы. Справа працягваецца, але ён на волі. Мы не ведаем, што будзе далей. Але вельмі важна тое, што ён быў звольнены, што можа выконваць свае святарскія функцыі і знаходзіцца таксама ў парафіяльнай супольнасці.
3 снежня 2013 года ксяндза Уладзіслава Лазара адпусцілі з турмы КДБ пад падпіску пра нявыезд. Святара звінавачвалі ў тым, што ён нібыта перадаваў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці чалавеку, які ажыццяўляў шпіянаж на карысць іншай дзяржавы.