Станцыя прызначэння…

Як паведамілі СМІ, на сваім пасяджэнні 1 лютага Савет міністраў не абмяркоўваў мэты і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Іх раней вызначылі іншыя людзі.

У каментарах тлумачыцца: гэта зрабіў сам народ праз IV Усебеларускі народны сход, які ўхваліў пазіцыі, вызначаныя прэзідэнтам краіны. Для тых, хто не ведае, — вышэйшага дзяржслужбоўца Беларусі завуць Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамілі СМІ, на сваім пасяджэнні 1 лютага Савет міністраў не абмяркоўваў мэты і задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Іх раней вызначылі іншыя людзі.
У каментарах тлумачыцца: гэта зрабіў сам народ праз IV Усебеларускі народны сход, які ўхваліў пазіцыі, вызначаныя прэзідэнтам краіны. Для тых, хто не ведае, — вышэйшага дзяржслужбоўца Беларусі завуць Аляксандрам Лукашэнкам.
На яго думку, праз пяць гадоў беларусы павінны жыць як еўрапейцы. Гэта вельмі тонкі падыход. Бо прапануецца менавіта жыць, а не быць. Задача і складаная, і адначасова далікатная. Прыкладам, вяскоўцы добра ведаюць — дай свінні волю, яна з’есць тое ж, што есць чалавек. Да апошняга каліва і да апошняй кроплі. Але ж папрасі свінню быць чалавекам...
Не трэба тлумачыць, што Міхаіл Мясніковіч, новы старшыня нашага ўрада, трапіў у даволі складаную сітуацыю: яму трэба падабраць інструменты для выканання гэтай не чуванай у свеце місіі. Надзея на тое, што Мясніковіч, які да гэтага часу паспяхова вырашыў амаль што тузін вельмі складаных задач, справіцца і з гэтай. Не горай за іншых акадэмікаў. Народная селекцыя, каб вы ведалі: калі вам падабаецца салодкая бэра, то не чакайце міласці ад вартаўнікоў, сарвіце і з’ешце!
Зразумела, гэта чысцюткі плагіят. Калі па-добраму, то за выкарыстанне колішняга ноў-хаў трэба было б нейкую драбязу адсылаць нашчадкам Івана Мічурына ў расійскі Казельск. Але ж бягучы год (як тут не ўспомніць часы ВКП(б)-КПСС — год вырашальны, год канчатковы) абвешчаны ідэолагамі годам прадпрымальнасці. Не бракуе, што яшчэ ўчора прадпрымальнікаў абзывалі «вашывымі блохамі». Лозунг дня: «Толькі бізнэс, нічога асабістага!» І таму фактычны плагіят падаецца як працяг вельмі паспяховай колішняй ленінскай новай эканамічнай палітыкі — НЭПу.
НЭП дык НЭП. Калісьці з яго дапамогай Расію ператварылі ў СССР, з турмы народаў зрабілі імперыю зла. А зараз? Вось што распавёў Мясніковіч: «Усе праграмы і мерапрыемствы павінны забяспечыць выхад Беларусі па ўзроўню і якасці жыцця на сярэднееўрапейскія паказчыкі, як у Польшчы і Чэхіі. Выкананне гэтых праграм, усе лічбы і працэнты павінны даць у выніку такі плён».
Не ведаю, як там у Чэхіі. Пасля ўводу савецкіх танкаў у Прагу ў жніўні 1968 года гэту краіну ад нас закрылі так шчыльна, што цалкам не адкрылі да гэтага часу. Што да Польшчы, то там ужо калісьці было, як зараз у нас — у каго болей, той і пан. Навідавоку: у слуг народа ўсяго болей, чым у гаспадара. І пануюць у нас над народам не абамы з меркелямі, не абрамовічы нават, а простыя шклоўскія хлопцы, у якіх ніколі не было ні кала, ні двара. У сэнсе, уласных. А што зараз — бачна ўсім.
«Томитесь, как наложницы в гареме...» — пасміхаўся з такіх Уладзімір Высоцкі. Нудна ім стала есці скаромнае ў адзіноце. Вырашылі падзяліцца з народам? Кажуць, у вас жа скарб пад нагамі, а вы яго топчаце. Ад таго і галеча. Трэба ўзяць рыдлёўкі (зноў рыдлёўкі!) ды адкапаць.
Гучыць аптымістычна, але чуецца стары анекдот пра дыстрофіка: «Сястра, забі камара!..» Вось што трэба зрабіць, каб жыць па-новаму, па словах віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, калі іх пералажыць на «нармальную чалавечаю мову», як гэта некалі адзін выкшталцоны палітык рабіў з «нармальнымі чалавечымі яйкамі». Значыцца, так. Трэба, каб беларуская курыца дагнала па яйканоснасці польскую, каб карова давала столькі ж малака, што і чэшская, каб беларускія сыры зраўняліся па якасці са швейцарскімі, каб піва з айчыннага соладу было не горай за пільзенскае. Неабходна, каб беларускі калгаснік па прадукцыйнасці працы дагнаў галандскага фермера. А яшчэ трэба, каб хто даў грошы на новае прамысловае абсталяванне і тэхналогіі, каб была магчымасць выпускаць якасную прадукцыю.
Нехта спытаецца, а навошта такі тлум — жывем паціху і сваё «крышку мясца» (у сэнсе дэмакратыі) маем. А таму (у перакладзе на чалавечую мову), адказвае спадар Румас, што зараз знешнегандлёвай выручкі ад продажу айчынных тавараў не хапае нават на закупку замежнай сыравіны і энерганосьбітаў, лекаў ды кавы з гарбатай. Зноў жа, як у старым анекдоце: «Вам ежы хапае? — Хапае, нават застаецца. — А што робіцца з астаткамі? — З’ядаем, і яшчэ больш хочацца».
Дылема: чым больш не зарабляем, тым больш хочацца. Прыкладам, у 2009 крызісным годзе адмоўнае знешнегандлёвае сальда склала 7,3 мільярда долараў. А ў 2010-м, калі эканоміка, як нас пераконваюць, паздаравела, і ўдалося нават збольшага распрадаць складскія запасы, атрымалі мінус 9,6 мільярдаў. Выходзіць, што прыплюсавалі да мінуса яшчэ 2,3 мільярда. Прыкладна столькі Лукашэнка мяркуе «ўзяць» ад продажу Салігорскага калійнага камбінату…
Нам кажуць, што пакуль не ўсё атрымліваецца. А вось зараз, пэўна, усе атрымаецца. Не давядзі Гасподзь! Пры такой вышэйшай арыфметыцы, «мінус на мінус» ніколі не дасць плюс.
Як сказаў бы лекар: «Летальны зыход непазбежны, паведаміце родным».
Паведамляем: «Заставайцеся спакойнымі. Наш цягнік набірае хуткасць. Станцыя прызначэння — «Катастрофа».