Суб'ектыўныя нататкі з прычыны яшчэ адной смерці ў навагоднюю ноч

Прычынай для напісання нататкаў паслужыла смерць 27-гадовага жыхара Рэчыцы Змітра Усхопава. Яго не стала праз паўтары гадзіны пасля затрымання міліцыянтамі ў навагоднюю ноч.

ushopau.jpeg


Новы год. Людзі выпіваюць за святочнымі сталамі, святкуюць. Некаторыя выходзяць з-за стала, каб пайсці патанчыць каля хвойкі дзе-небудзь на плошчы. Альбо завітаць да сяброў, сваякоў, каб павіншаваць. І забываюць у святочным настроі пра тое, што ў грамадскіх месцах можна з’яўляцца толькі зусім цвярозымі. І калі выходзіш нападпітку, то трэба, каб таксоўка ўехала ўнутр кавярні і пасля заехала наўпрост у кватэру. Альбо выклікаць якісьці верталёт, каб ляцеў ад даху гасцёўні да коміна ўласнага дома. Каб не патрапіць у грамадскае месца ў нецвярозым выглядзе. Бо інакш грамадзянін рызыкуе быць затрыманым праваахоўнікамі. Пры затрыманні трэба быць салодкім, як мёд, здавацца адразу. Інакш, як водзіцца, «непадпарадкаванне». У лепшым выпадку тыя, што сочаць за законам, могуць прымяніць сілу і адвезці ў выцвярэзнік. У горшым можна страціць і жыццё.
Майго знаёмага случчаніна таксоўка гадоў з 8 таму прывезла з навагодняга карпаратыву пад самыя дзверы дома. Заставалася толькі націснуць на лічбу «1» на дамафоне, і мог бы адпачываць на канапе ўласнай кватэры. Захацелася папаліць, усеўся на лаўку. На агеньчык завіталі сілавікі. Затрымалі. Назаўтра з мноствам сініх плямаў на твары і целе прадстаў перад судом. На дзіва, тады слуцкі суддзя ўратавала ад турэмнай камеры — выслухала і прызнала яго дзеянні адэкватным адказам на гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікоў міліцыі.
Браты Барбашынскія ў 2016 годзе таксама ў Слуцку ўжо не былі апраўданы судом з-за таго, што спрабавалі ўцякаць і не адразу падпарадкаваліся патрабаванням міліцыянераў. Уся віна мужчын палягала ў тым, што яны выпілі ў кавярні і ішлі дамоў, ды патрапілі на вока супрацоўнікаў міліцыі. За непадпарадкаванне і супраціў адзін атрымаў два гады «хатняй хіміі», другі памёр у Жодзінскім СІЗА падчас суда. 


Случчаніна Юру Мяцельскага з сябрам супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі ў навагоднюю ноч 2018 года ўвогуле цвярозымі. Мо таму, што ў навагоднюю ноч, на думку некаторых, усе мусяць быць нападпітку?
— На вуліцы Леніна і на плошчы было шмат народу, які высыпаў на вуліцу пасля застолля. А мы ціха-мірна ўдвух гутарылі паміж сабой, стоячы на тэрасе каля Дома культуры, наводдаль ад усіх, — успамінаў Юрый пра затрыманне. Цвярозы хлопец ведаў законы, не супраціўляўся, але ўсё роўна адседзеў двое содняў у СІЗА.
Дарэчы, «прымяненне сілы» кожны бок разумее па-свойму, як і прычыны наступства смерці. Так, у кароткай інфармацыі ад Следчага камітэту пра смерць 27-гадовага Змітра Усхопава з Рэчыцы, якую агучыла 2 студзеня БЕЛТА, гаворыцца, што пры затрыманні мужчыны ў стане моцнага алкагольнага ап’янення з прычыны яго непадпарадкавання законным патрабаванням міліцыі, была прыменена фізічная сіла. Ці то тую «фізічную сілу» не кожны можа вытрымаць, ці па іншых прычынах, але ў выніку хлопца не ўратавалі нават у рэанімацыі. Родзічы ж лічаць, што хлопца збілі да смерці.
Таму асабіста я, калі вып'ю на Новы год шампанскага, не іду да дзяржаўнай хвойкі, да тых месцаў, якія кантралююцца праваахоўнікамі. Я іх элементарна баюся. Бо яны ўзброены, а я — не. На іх баку цяперашнія законы, а ў мяне — нічога. У адзін момант магу стаць як быццам і не грамадзянін, і не чалавек, і нават не сабака. Бо сабакі бегаюць, і іх не заўсёды чапаюць. Сабака можа агрызнуцца. А я — не маю права.