У Рэчыцы затрымалі сяброў Дзмітрыя Усхопава, які памёр у навагоднюю ноч пасля таго, як трапіў у РАУС
На гэты момант вядома пра як мінімум чацвярых затрыманых у Рэчыцы блізкіх сяброў Дзмітрыя Усхопава. «Наша Ніва» даведалася пра абставіны затрымання маладых людзей.
Сёння ў Рэчыцы мае адбыцца пахаванне 28-гадовага маладога
чалавека, які памёр пасля таго, як быў затрыманы міліцыяй у навагоднюю ноч.
На гэты момант пацверджаная інфармацыя пра затрыманне самых
блізкіх сяброў Дзмітрыя, якія меліся прыйсці на пахаванне. Гэта Аляксей і Ганна
Давыдковы, Аляксандр Снапкоў ды Ілля Бракарэнка.
Іх чакалі на пахаванні, у тым ліку для дапамогі. Але раніцай
яны не выйшлі на сувязь.
Як стала вядома, затрымалі сяброў Усхопава учора
ўвечары, 3 студзеня. Маладыя людзі стаялі ля пад’езда, дзе жыў Дзмітрый Усхопаў.
Аляксандра Снапкова і Іллю Бракарэнку там і ўзялі. Аляксей Давыдкоў сышоў раней
сустракаць жонку Ганну, дзе менавіта іх затрымалі — невядома. Пару чакаюць дома
двое маленькіх дзяцей. Паводле непацверджанай інфармацыі, справа можа быць
звязаная з наркатычным артыкулам 328.
Журналісты таксама дазваніліся бацькам Аляксандра Снапкова ды Іллі Бракарэнкі.
«Імаверна [затрыманы], я не ведаю яшчэ. Мне ніхто не званіў,
але звязацца з ім я не магу. Гаварыла з ім апошні раз учора, сёння — не», —
паведаміла нам Святлана Мікалаеўна, маці Іллі.
Таццяна Іванаўна, маці Аляксандра, таксама не гаварыла з
сынам, ці затрыманы ён, яна дакладна не ведае.
Таксама адсутнічае сувязь яшчэ з некалькімі людзьмі з кола зносінаў Зміцера Усхопава. Але іх затрыманне пакуль няма каму пацвердзіць ці абвергнуць. Інфармацыя пра іх лёс высвятляецца.