Міліцыя: У затрыманых сяброў загінулага ў Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава знайшлі кілаграм марыхуаны
Нядаўна Следчы камітэт заявіў, што загінулы пасля затрымання рэчыцкімі сілавікамі Дзмітрый Усхопаў быў п’яны, і да таго ж меў пры сабе пакуначак з марыхуанай.

Загінулы Дзмітрый Усхопаў
Сёння, 4 студзеня, стала вядома, што былі затрыманыя самыя блізкія сябры Дзмітрыя Усхопава, якія меліся прыйсці на яго пахаванне: Аляксей і Ганна Давыдковы, Аляксандр Снапкоў і Ілля Бракарэнка. Сілавікі затрымалі сяброў Усхопава ўвечары 3 студзеня.
Цяпер у тэлеграм-канале МУС Беларусі з’явілася паведамленне, што падчас вобшуку ў сяброў Дзмітрыя знойдзена каля кілаграму марыхуаны:
«У ходзе далейшых аператыўна-следчых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі сумесна са следчымі ўсталявалі дачыненне знаёмых памерлага да незаконнага абароту наркотыкаў.

У выніку правядзення санкцыянаваных вобшукаў у гаражы і па месцы жыхарства 27-гадовага і 28-гадовага гараджан выяўлена каля кілаграма марыхуаны. Гатовы наркотык захоўваўся ў пакетах і розных ёмістасцях.
Праваахоўнікі працягваюць працу па ўстанаўленні іншых удзельнікаў злачыннай дзейнасці ў сферы незаконнага абароту наркатычных рэчываў. Фігуранты затрыманыя», — гаворыцца ў паведамленні Упраўлення ўнутраных спраў Гомеля.