Валерый Карбалевіч: Сілавікі выходзяць з-пад кантролю выканаўчай вертыкалі

Палітолаг Валерый Карбалевіч тлумачыць, чаму гібель жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава — дрэнны сігнал для ўсіх, у тым ліку і для прыхільнікаў уладаў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Той факт, што гэтая гісторыя ўстрывожыла многіх, з'яўляецца наглядным сімптомам: сілавыя структуры даўно выйшлі з-пад кантролю грамадства, а зараз яны выходзяць з-пад кантролю выканаўчай вертыкалі. Яны атрымалі карт-бланш падчас падаўлення пратэстаў і цяпер карыстаюцца гэтым у поўнай меры, разумеючы, што не панясуць ніякай адказнасці, — кажа палітолаг.
Валерый Карбалевіч звярнуў увагу на важны момант: калі раней сілавікі, карыстаючыся створанай для іх сітуацыяй "часам не да законаў", збівалі праціўнікаў уладаў, удзельнікаў акцый пратэстаў, то цяпер чарга дайшла да грамадзян, далёкіх ад палітыкі:
— Інцыдэнт быццам бы бытавы, ніякай палітыкі. Але міліцыянты дзейнічаюць, як яны прызвычаіліся, разумеючы, што іх за гэта не пакараюць.
Тая акалічнасць, што гэта не палітычная, а хутчэй бытавая гісторыя, выказаў меркаванне эксперт, магла падліць масла ў агонь грамадскай рэакцыі:
Калі з палітычнымі ўсё зразумела, завошта так з чалавекам, які да палітыкі ні сном ні духам?
З іншага боку, адзначае палітолаг, сёння рэакцыя грамадства можа выяўляцца хіба што ў публікацыі меркаванняў у сацсетках:
— У гэтым праблема і драма Беларусі — грамадства ніяк не ўплывае на сітуацыю ў краіне. Я думаю, што рэчыцкія міліцыянты не панясуць пакаранне. Бо беспакаранасць сілавых структур — адна з асноў, на якіх трымаецца існуючы рэжым. Але гэта, у сваю чаргу, будзе ўмацоўваць негатыўнае стаўленне простых грамадзян, не ангажаваных у палітыку, да супрацоўнікаў міліцыі і сілавых структур у цэлым.
Гаворачы аб рэакцыі ўладаў на трагічны інцыдэнт у Рэчыцы, Валерый Карбалевіч адзначыў:
 З афіцыйных СМІ пайшло контрнаступленне, яны спрабуюць агучыць сваю версію. Калі б іх гэта не цікавіла, то яны проста маўчалі б. Але праблема ў тым, што машына рэпрэсій запушчана, спыніць яе цяжка. І калі гэтая машына атрымае поўную свабоду дзеянняў, гэтыя рэпрэсіі будуць закранаць не толькі апанентаў уладаў, але і апалітычных людзей, а, магчыма, і прыхільнікаў рэжыму. Гэта адна з заканамернасцяў дыктатарскіх рэжымаў: яна пажырае сваіх жа.


Валерый Карбалевіч таксама ацаніў працу незалежных медыяў, якія першымі паведамілі пра здарэнне ў Рэчыцы ў навагоднюю ноч.
 Можна прыдушыць незалежныя СМІ, скараціць іх аўдыторыю, запалохаць, абвясціўшы іх экстрэмісцкімі. Але радыкальна змяніць сітуацыю нельга. Таталітарная сістэма ў XXI стагоддзі ў эпоху інтэрнета немагчымая. Калі толькі не пачаць ператвараць краіну ў аналаг Паўночнай Карэі.
«Филин»