МУС: Супрацоўнікі міліцыі ў Рэчыцы дзейнічалі ў адпаведнасці з заканадаўствам
Прадстаўнік МУС пракаментаваў смерць мужчыны пасля затрымання міліцыяй у Рэчыцы ў навагоднюю ноч.
Падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня пракаментаваў трагедыю ў Рэчыцы ў навагоднюю ноч, у выніку якой мужчына памёр пасля затрымання супрацоўнікамі міліцыі.
«Падзея ў Рэчыцы, звязаная з затрыманнем і дастаўленнем грамадзяніна, які знаходзіўся ў моцнай ступені ап'янення, сапраўды мела месца. Грамадзянін аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Супрацоўнікі дзейнічалі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», — сказаў Купчэня.
Як паведамлялася, паводле інфармацыі СК, 31 снежня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на вул. Савецкай мужчыну з прыкметамі моцнага алкагольнага ап'янення. «З-за аказанага ім непадпарадкавання да яго была прыменена фізічная сіла», — удакладнілі ў СК.
Мужчыну, 28-гадовага Дзмітрыя Усхопава, даставілі ў Рэчыцкі РАУС, а потым у межах адміністрацыйнага працэсу павезлі на медагляд у раённую бальніцу. Пры пад'ездзе да медустановы яму стала дрэнна. Маладога чалавека экстрана даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. «Нягледзячы на намаганні ўрачоў, у 1.20 канстатавана яго смерць», — праінфармавалі ў СК.
Для ўстанаўлення прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.
«Па папярэдніх высновах экспертаў, смерць не мае траўматычнага характару — на целе памерлага не выяўлены пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломаў касцей. Чакаецца заключэнне экспертнага даследавання на наяўнасць у крыві алкаголю, наркатычных і іншых рэчываў», — паведамілі ў СК.