У Рэчыцы памёр затрыманы міліцыянтамі

У Рэчыцы ў навагоднюю ноч у прыёмным пакоі раённай лякарні памёр затрыманы міліцыянтамі мужчына — 27-гадовы жыхар Рэчыцы Дзмітрый Усхопаў. Сваякі ўпэўненыя: яго да смерці збілі ў РАУСе.

Дзмітрый Усхопаў з дачкой

Дзмітрый Усхопаў з дачкой

Як распавялі сваякі памерлага, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня ён ехаў да маці на святочную вячэру. На аўтобусным прыпынку яго затрымаў міліцэйскі патруль. Але пры затрыманні мужчына аказаў супраціў.
Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прыёмны пакой раённай лякарні ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні круглая рана памерам каля 1,5 сантыметраў. Запясці на руках, куды звычайна міліцыянты надзяваюць кайданкі, мелі сіні колер.
Сваякі Дзмітрыя перакананыя, што яго моцна збівалі ў аддзеле міліцыі, а калі ён перастаў падаваць прыкметы жыцця, замест таго, каб выклікаць «Хуткую дапамогу», аблівалі вадой і неяк спрабавалі самі рэанімаваць.
Палітычнага складніку ў затрыманні і збіцці Дзмітрыя Усхопава ягоныя сваякі не бачаць. Афіцыйнай версіі падзеяў на МУСаўскіх медыяканалах на момант публікацыі не агучана. Паводле паведамлення першага намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатолія Васільева, распаўсюджанага на ютуб-канале ўпраўлення, аніякіх надзвычайных здарэнняў і выпадкаў траўмавання грамадзян на тэрыторыі вобласці навагодняю ноччу не зафіксавана.
«Ён страціў прытомнасць у РАУС, яго там жа аблівалі вадой, спрабавалі рэанімаваць, нацельная майка разарваная. У аддзяленні ЦРБ яго прынялі ў стане комы. Па словах тэрапеўта, спрабавалі яшчэ рэанімаваць адрэналінам і масажам сэрца, але час быў страчаны. Адправілі ў морг, а раніцай 01.01.2022 зрабілі па ілжывай пастанове следчага тэрміновае ўскрыццё. У морг не пускалі. Прыехаў начальнік аддзялення судмедэкспертызы, і выклікалі следчага, нам паказалі цела. На запясцях рук і каленках бачныя сінякі, на галаве круглая рана», – кажа сваяк загінулага.
Па словах блізкіх, у цяперашні час на маці загінулага аказваецца ціск — у яе кватэры міліцыя збіраецца праводзіць ператрус.
У Дзмітрыя Усхопава засталася 5-гадовая дачка. 
«Наша Ніва» пагаварыла з маці Усхопава, Аленай Міхайлаўнай. Вось што яна расказала.
— Гэта пра вашага сына пішуць, што яго не стала?— Гэта можна пісаць. Яны яго забілі — міліцыя забіла... Я ўдава афганца, усё пішыце! А сына я ад міліцыянера нарадзіла... Закатавалі сына як Ісуса Хрыста, толькі яму 28 год. Хай нясуць мяне разам з сынам і кладуць у зямлю побач.
— Як ён трапіў у міліцыю? Чаму ён там быў?— Ён ехаў да мяне Новы Год адзначаць, стаяў на прыпынку з сябрам: «Я зараз пад’еду», — звоніць. Яны там пілі шампанскае і закусвалі мандарынам. А тут усё, ехалі: распіццё. Рукі заламалі. А ён кажа — я да мамы еду, выпусціце, не затрымлівайце. А потым яны там яго… на скроні рана, спіна сіняя, рукі сінія. Майка на кавалкі разарваная, як вугаль яго цела. Я больш не магу гаварыць...
Бацька, Аляксандр Леанідавіч, сказаў:
— У міліцыі нам сказалі “памёр”, а калі прыйшлі забіраць у морг, сказалі “а, гэта той, якога забілі?”.

З’явіўся афіцыйны каментар ад Следчага камітэта


«31 студзеня ў 23.10 супрацоўнікі міліцыі затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту на вул. Савецкай мужчыну з прыкметамі моцнага алкагольнага ап'янення. Праз аказанае ім непадпарадкаванне да яго была ўжытая фізічная сіла, — распавялі ў СК. — Мужчыну даставілі ў Рэчыцкі РАУС, а затым у рамках адміністрацыйнага працэсу павезлі на медыцынскі агляд у раённую бальніцу. Пры пад'ездзе да медустановы мужчыну стала блага. Маладога чалавека тэрмінова даставілі ў прыёмны пакой, дзе пачалі праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы. Нягледзячы на намаганні лекараў, у 1.20 канстатаваная яго смерць».
«Паводле папярэдніх высноў экспэртаў, смерць не носіць траўматычнага характару — на целе памерлага не выяўленыя пашкоджанні ўнутраных органаў, пераломаў костак. Чакаецца заключэнне экспертнага даследавання на наяўнасць у крыві алкаголю, наркатычных і іншых рэчываў», — дадалі ў ведамстве.