«Маці выйшла з партрэтам Дзімы і сказала, што яго забіў рэжым». Сведка расказала пра пахаванне Дзмітрыя Усхопава

Смерць Дзмітрыя Усхопава выклікала вялікі рэзананс у Рэчыцы. Некаторыя зусім не вераць міліцыі, піша «Свабода».

На пахаванні

На пахаванні

У Рэчыцы сёння пахавалі 28-гадовага Дзмітрыя Усхопава. Пасля затрымання ў навагоднюю ноч ён апынуўся ў міліцыі, затым — у шпіталі, дзе зафіксавалі смерць. Блізкія Дзмітрыя заявілі, што яго білі ў міліцыі. МУС і СК далі справаздачу, што ён быў моцна п’яны, меў з сабой марыхуану.

На пахаванне, паводле жыхаркі Рэчыцы (імя не называецца ў мэтах бяспекі. — Рэд.), сабраліся каля сотні чалавек. Развітваліся ў мікрараёне «Рытм», дзе жыў Дзмітрый.

«Маці выйшла з падʼезду са здымкам Дзімы ў руках і звярнулася да прысутных з такімі словамі, што яе сына забілі і што ёй ужо нічога не страшна, бо забралі самае дарагое — то чаго баяцца? Маці сказала, што яе сына забіў рэжым, і ў яе ўсё акамянела ўнутры», — расказала жыхарка Рэчыцы.

Паводле яе, Алена, маці Дзмітрыя, расказала прысутным, што сын ехаў да яе сустракаць Новы год. «Маці сказала каля труны, што яна не апазіцыя і што Дзіма таксама ні ў чым не ўдзельнічаў. Але яна сказала, што колькі яшчэ будуць забіваць нашых дзяцей?» — перадае словы маці жыхарка Рэчыцы.

 

Маці з партрэтам Дзмітрыя Усхопава

Маці з партрэтам Дзмітрыя Усхопава

Труну паставілі каля пад’езду, каб усе, хто хоча, маглі развітацца. «Маці абурылася, што яе сына абвінавацілі МУС і СК, быццам ён набываў «закладкі» з псіхатропнымі рэчывамі. Маці сказала, што ён у таты прасіў перад Новым годам два з паловай рублі — на працу трэба было аднесці. Таксама маці паказала гематомы на галаве сына, рукі з сінякамі. Гэта трагедыя не адной сям’і», — кажа жыхарка Рэчыцы.

Яна кажа, што смерць Дзмітрыя выклікала вялікі рэзананс у Рэчыцы. Некаторыя зусім не вераць міліцыі. Тыя ж, хто верыць версіі пра алкаголь і наркотыкі, таксама кажуць, што варта было выклікаць «хуткую» ці «садзіць у “малпятнік”» — але разбірацца па законе.

«Так ці інакш, але ўсе салідарныя ў тым, што меры былі няправільныя і неадэкватныя, і яны каштавалі жыцця чалавеку», — дадала жыхарка Рэчыцы.

Паводле яе, маці Дзмітрыя прасіла не забываць яе сына і прыязджаць да яго на магілу.

Раніцай у Рэчыцы затрымалі мясцовых жыхароў — сяброў Дзмітрыя Усхопава. Праваабаронцам вядома пра чатырох затрыманых. Таксама раніцай каля свайго дома былі затрыманыя муж і жонка Давыдковы — Аляксей і Ганна. Дзе яны і што з імі, сваякі не ведаюць дагэтуль.

Увечары тэлеграм-канал МУС заявіў, што знаёмыя памерлага маюць дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў. «У выніку правядзення санкцыянаваных ператрусаў у гаражы і па месцы жыхарства 27-гадовага і 28-гадовага гараджан выяўлена каля кіляграма марыхуаны», — гаворыцца ў паведамленні.