«Сустрэча з каліноўцамі ва Украіне пакуль немагчымая». Каманда Ціханоўскай дала прэс-канферэнцыю
Святлана Ціханоўская хацела б сустрэцца з прадстаўнікамі палка Каліноўскага, але не можа прыехаць туды праз адсутнасць запрашэння з украінскага боку. Пра гэта яна расказала «Л*стэрку» на прэс-канферэнцыі Аб’яднанага пераходнага кабінета.
— Мы праз майго прадстаўніка на сувязі з палком Каліноўскага на пастаяннай аснове. Мы ведаем, што там адбываецца. Гэты кантакт ёсць. Я з задавальненнем сустрэнуся з прадстаўнікамі палка — мне здаецца, такая сустрэча запланавана на бліжэйшы час. На жаль, на тэрыторыі Украіны гэта пакуль немагчыма: у сілу абставін я не магу туды прыехаць. Але я буду вельмі радая, калі яна здарыцца: гэта будзе мая першая сустрэча з кіраўнікамі палка, — адзначыла Святлана Ціханоўская. — Не магу сказаць, што ў нас зусім няма камунікацыі, проста трэба ўзмацняць узаемадзеянне.
— Якія
абставіны вы маеце на ўвазе?
— Для таго, каб уехаць на тэрыторыю іншай дзяржавы, мне патрэбна афіцыйнае запрашэнне ад
МЗС. Пакуль украінскі бок не гатовы нам такое запрашэнне забяспечыць.
— Пры гэтым, як я разумею, Зянону Пазняку такое запрашэнне выдалі?
— Я думаю,
яму такое запрашэнне не патрэбнае: у мяне статус афіцыйнага госця Літвы, і для
таго, каб літоўскі бок мог арганізаваць візіт у іншую краіну, мусіць быць
камунікацыя на ўзроўні МЗС.
— Калі
гэтая камунікацыя пойдзе ў станоўчым кірунку, вы будзеце гатовы прыехаць ва
Украіну і сустрэцца з прадстаўнікамі палка?
—
Абсалютна.
— Магчыма,
украінскія палітыкі ці людзі, набліжаныя да Офіса Зяленскага, у кулуарах
называлі вам рэальныя прычыны, чаму ў іх не атрымліваецца сустрэцца з вамі на
самым высокім узроўні? Вы таксама сказалі пра запрашэнне ад МЗС, якога вам не
могуць выдаць…
— Не, у
кулуарных размовах усё гаворыцца па сутнасці, і такія пытанні некарэктна
задаваць: «Чаму вы нас не запрашаеце?» Мы з разуменнем ставімся да гэтага
рашэння. Мы разумеем, што ўкраінскі бок цяпер, напэўна, трохі асцярожнічае праз
тое, што ў іх ідзе вайна, і адкрыццё другога фронту — гэта вельмі крытычна ў
выпадку Украіны. Таму я магу гэта растлумачыць толькі асцярожнай пазіцыяй.
Журналістка таксама спытала Святлану Ціханоўскую, як Кабінет рэагуе на закрыццё
пункта пропуску «Баброўнікі — Бераставіца».
— Ці вядзе
Кабінет перамовы з польскімі ўладамі наконт таго, каб пакінуць для беларусаў
гуманітарны калідор у выпадку закрыцця іншых пунктаў пропуску?
— Калі
гаворка ідзе толькі пра грузаперавозкі, мы цалкам падтрымліваем гэтую
ініцыятыву. Мы сёння бачылі навіны, што ў Літву заехалі дзве фуры з санкцыйнымі
таварамі. Што да звычайных грамадзян, то мы заўсёды кажам, што людзі мусяць бесперашкодна
заязджаць і выязджаць з Рэспублікі Беларусь.
Выданне ўдакладніла, ці ёсць у Кабінета інфармацыя наконт закрыцця пунктаў пропуску з
Беларуссю з боку іншых краін.
— Мы
правялі кансультацыі з шэрагам партнёраў, перш за ўсё з Літвой. Я не маю права казаць
за ўрады або за міністэрствы замежных спраў гэтых краін. Таму я думаю, будзе правільна, каб гэтае пытанне вы задалі МЗС або ўраду Літвы і Латвіі, —
пракаментаваў прадстаўнік Кабінета Павел Латушка. — Але яшчэ раз кажу: гэта
залежыць не ад нас. Мы звярнуліся з адпаведным публічным заклікам.
Журналістка спытала ў прадстаўніка сілавога блока Аляксандра Азарава, на
якім этапе цяпер знаходзіцца план «Перамога», і папрасіла яго назваць нейкія
вынікі працы ў гэтым кірунку.
— План
першапачаткова распрацоўваўся пад іншыя ўмовы, калі не было вайны ва Украіне і
ніхто не думаў, што гэтая вайна будзе. Таму цяпер мы займаемся перафарматаваннем
плана, мы прыбіраем некаторыя спецыяльныя аперацыі, некаторыя перарабляем,
дадаём новыя. То-бок цяпер праца над планам працягваецца, — адказаў Аляксандр
Азараў. — Многія пытаюць: «Чаму вы не запусцілі план?» Ён не запускаецца пад
пэўныя даты, ён можа быць запушчаны толькі пад пэўныя падзеі. Калі беларусы
будуць гатовы нешта рабіць у краіне, а не як цяпер — сядзець па дамах і
баяцца. Калі цяпер запускаць план, людзі паглядзяць у акно і
застануцца сядзець дома, падумаюць: «Няхай хтосьці ідзе, я потым пагляджу». А
мы мусім скарыстацца сітуацыяй, калі людзі захочуць зноў выходзіць на вуліцы,
захочуць пратэставаць і будуць прасіць план. Таму мы мусім быць гатовыя да
гэтага моманту. Мы чакаем гэтага моманту. Вядома, можна яшчэ штучна крыху дапамагчы,
каб ён адбыўся. У нас распрацаваны такія моманты. Але цяпер, пры наяўнасці
расійскіх войскаў, пры мажлівасці таго, што Лукашэнка плануе ўступіць у
сухапутную ваенную аперацыю ва Украіне, запускаць план — гэта самагубства. Таму
мы чакаем пэўнага спрыяльнага моманту і рыхтуемся да яго. Мы займаліся баявой
падрыхтоўкай беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой. Цяпер мы ўжо адправілі
частку тых, хто прайшоў падрыхтоўку, ва Украіну для атрымання баявога досведу.
То-бок мы працягваем працаваць у гэтым кірунку.
— Пры тым
узроўні рэпрэсій, які цяпер захоўваецца ў Беларусі, мне вельмі цяжка ўявіць,
што такая нагода ў прынцыпе з’явіцца. Я не ўяўляю, што беларусы найбліжэйшым
часам масава выйдуць на вуліцы. Што, калі гэтай падставы проста не будзе? Што вы
будзеце рабіць тады?
— Гэта
рытарычнае пытанне. Мы мусім быць гатовымі да гэтага моманту і мы рыхтуемся да
яго. Вось і ўсё. І рукі не складзём, і не кінем нашу працу. На нас
надзея ўсіх беларусаў. Няхай яны ведаюць, што мы будзем працягваць да канца,
пакуль Лукашэнка не сыдзе, пакуль мы яго не прыбяром ад улады, пакуль у
Беларусі не наступіць дэмакратыя.