Святлана Алексіевіч: Шанцаў у беларускага пратэсту не было, паколькі побач быў Пуцін

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў размове з DW Беларусь падзялілася рэфлексіяй наконт сутнасці беларускага пратэсту, а таксама думкамі пра будучыню нашай краіны. 

Святлана Алексіевіч. Фота DPA

Святлана Алексіевіч. Фота DPA

Святлана Алексіевіч кажа, што інтэлектуальныя эліты беларусі «не чакалі», што беларусы масава выйдуць на пратэсты супраць фальсіфікацый і гвалту. 

«Мы не чакалі, што нашыя людзі на гэта здольныя», — кажа пісьменніца. 

«Мы ішлі ўслед за падзеямі, мы не чакалі гэтых падзяеў. Людзей, якія разумелі, што адбываецца, амаль не было. Магчыма, толькі Латушка — вельмі разумны чалавек», — дадала Алексіевіч. 

Лаўрэатка нобелеўскай прэміі кажа, што пратэсты былі «проста святам»:

«Проста свята, проста шэсце — як нас шмат, якія мы добрыя, якія мы прыгожыя».

Глядзіце таксама

Святлана Алексіевіч сцвярджае, што шанцу ў пратэсту «не было, паколькі побач быў Пуцін».

«Шанцаў у нас не было, на жаль», — паўтарыла пісьменніца. «Але ўсё ж мы і сабе паказалі, і сталі нацыяй, як зараз часта кажуць, і свету паказалі, што можа быць, не абавязкова без крыві чагосьці дабівацца».

І ўсё ж спадарыня Алексіевіч не лічыць, што нават пры сілавым сцэнары пратэста змены ў Беларусі былі б магчымымі.

«Мы бачым з вамі, на што здольны Пуцін. Ён бы не спыніўся. Беларусь бы зараз ляжала ў руінах, як зараз ляжыць у руінах Украіна».

«Нельга сказаць, што мы прайгралі», — дадае лаўрэатка Нобелеўскай прэміі. «Мы сталі іншымі. Свет пачаў глядзець на нас іншымі вачыма. Гэта значыць вельмі шмат. Памяць пра той жнівень будзе захоўваць нашую годнасць вельмі доўга».

Святлана Алексіевіч таксама падкрэсліла, што пытанне аб тым, як беларусы будуць жыць разам з тымі, хто катаваў іх і іх родных — вельмі складанае. «Але трэба прабачаць, інакш гэтая бездань зацягне нас зноў. Гэта будзе тое, што рабілі бальшавікі», — лічыць яна. 

«Канкрэтных вінаватых трэба пакараць. Але не тое, што сусед на суседа — і грамадзянская вайна», — кажа Алексіевіч.