Святло ў тунэлі... сустрэчнага цягніка

З 20 кастрычніка на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) функцыянуе адзіная гандлёвая сесія. З гэтага ж дня ў Беларусі адмянілі межы ваганняў кошту кошыка валют. Эканамісты прарочаць чарговую хвалю дэвальвацыі, гіперінфляцыі ды іншых спадарожных «радасцяў». Карацей, варта запасацца цярпеннем.



92dfa194391a59dc65b88b704599dbd6.jpg

З 20 кастрычніка на Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) функцыянуе адзіная гандлёвая сесія. З гэтага ж дня ў Беларусі адмянілі межы ваганняў кошту кошыка валют. Эканамісты прарочаць чарговую хвалю дэвальвацыі, гіперінфляцыі ды іншых спадарожных «радасцяў». Карацей, варта запасацца цярпеннем.
Цяпер курс куплі і продажу замежнай валюты на адзінай гандлёвай сесіі БВФБ будзе ўстанаўлівацца па выніках фіксінгу зыходзячы з попыту і прапановы. Курс фіксінгу на адзінай гандлёвай сесіі будзе з’яўляцца афіцыйным курсам Нацыянальнага банка з дня, што ідзе за днём правядзення таргоў. Межы ваганняў кошту кошыка валют, устаноўленых на 2011 год, адмяняюцца. Нацбанк заявіў пра намер праводзіць у ходзе таргоў на БВФБ «мінімальныя валютныя інтэрвенцыі, якія будуць накіраваны выключна на згладжванне рэзкіх ваганняў абменнага курсу». Гэтыя меры будуць прынятыя ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па выхадзе на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля на ўсіх сегментах валютнага рынку.
У апошні дзень перад адзінай сесіяй курс долара склаў 8 790 рублёў, еўра — 12 610 рублёў, расійскі рубель — 283 беларускія рублі. Курс рубля ў першы дзень адзінай сесіі на біржы ўсталяваўся на такім узроўні: долар — 8 680 рублёў, расійскі рубель — 277 рублёў, еўра — 11 900 рублёў. Рост афіцыйнага курсу, па прагнозах экспертаў, справакуе хвалю гіперінфляцыі і чарговую дэвальвацыю. Бо курсы Нацбанку на 19 кастрычніка былі істотна ніжэйшыя за рынкавыя (хаця Нацбанк не хаваў інтэрвенцыі на БВФБ у кастрычніку): долар ацэньваўся ў 5 730 рублёў, еўра — 7 853.
 «Будзе адзіны рыначны курс, высокі, — гаворыць былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. — Гэта ўсё азначае толькі тое, што дэ-юрэ зацвердзяць, што ўжо ёсць дэ-факта. Гэты курс сведчыць аб аграмадным падзенні нацыянальнай валюты. Што справакуе высокі ўзровень спажывецкіх цэн, коштаў на прадукцыю вытворцаў, высокі ўзровень валютнага курса. Усё гэта прывядзе да падзення тэмпаў росту ВВП, узроўню жыцця. У нейкай ступені Лукашэнка мае рацыю: на некаторы час курс можа прыпасці.  Але калі не будзе прынята іншых мераў: пашырэнне канкурэнцыі, адмова ўлады ад адміністрацыйнага ўмяшання ў бізнэс, абмежаванне крэдытавання стратных прадпрыемстваў, скарачэнне бюджэтных расходаў і інш. — калі ўсяго гэтага не будзе, то можна чакаць далейшага правалу ў эканоміцы. Патрэбная сістэмная комплексная праграма рэформаў, яна кавалкамі аб’яўленая. І калі будзе праводзіцца, то можна пабачыць святло ў канцы тунэлю, магчыма, праз два-тры гады. Цяпер жа мы маем вынік той эканамічнай палітыкі, што праводзілася апошнія гады. Але гэта трэба рабіць, толькі сістэмнай праграмы ўрада я пакуль не бачу».
Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка выступіў у сваёй традыцыйнай манеры: «Майце на ўвазе, што курс долара такі не будзе. Зараз звядзём абедзве сесіі ў адну літаральна днямі, і курс долара гэты абрынецца. Калі ўжо шчыра казаць, мы высокі курс долара і падтрымлівалі, не ўмешваючыся».
«Я ж бачу, хто робіць заяўкі на гэтыя долары, на замежную валюту. Гэта ў асноўным так званыя індывідуальныя прадпрымальнікі і тыя, хто ўвозіць імпарт некрытычнага парадку. Ну дык чаму ім долар танны прадаваць? Але галоўнае — гэта тое, што прадпрыемствы цяпер не прадаюць валюту, яны чакаюць адзінага курсу, які ён складзецца. І як толькі выльецца на рынак гэтая ўся наяўнасць, доларавая і еўра, якую мы аддаём цяпер на закупку газу і гэтак далей, то прапановы па долары будуць вельмі высокія», — мяркуе беларускі лідар.
Выказаўся Лукашэнкі і наконт прагнозаў (ды якія прагнозы! — ужо канстатацыя факту) наконт росту цэн. «Шмат хто кажа: кошты, цэны растуць, давай затыкай. Ні ў якім выпадку гэта нельга рабіць цяпер. Так, трэба кантраляваць, каб «разбэшчанасці» не было, але ў нас нават не ў «разбэшчанасці» справа. У нас цэны такога ўзроўню, што яны ўжо ўперліся ў попыт насельніцтва. Далей ужо кошты не могуць так расці», — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба прэзідэнта. І тут з беларускім лідарам не паспрачаешся: цэны сапраўды такія, што расці ім у межах спажывецкага попыту не так і многа засталося. А калі папросту, то крамы пераходзяць да асартыменту прадукцыі адпаведнага ўзроўню — цэны на кілбасу вараную, паштэт і субпрадукты і праўда яшчэ не дасягнулі мяжы «аблізваемся — праходзім міма».
Эканаміст Дзмітрый Крук пакуль ад канкрэтных парадаў беларусам, як ім жыць і што рабіць далей, устрымліваецца, маўляў, ёсць шанцы як на стабілізацыю, так і на падзенне. «Пасля ўніфікацыі валютнага курса беларускі рубель умацуецца на некаторы перыяд, дзесьці да канца кастрычніка. Што будзе далей — нявызначана. Але мая інтуіцыя падказвае, што цяперашні курс адпавядае рэальнай сітуацыі. Але дзеянні ўладаў, як, напрыклад, падвышэнне заробкаў, сапраўды могуць мець нездавальняючы эфект на дынаміку цэнаў, што будзе правакаваць адмоўныя працэсы ў эканоміцы. Пакуль жа ёсць перадумовы для таго, каб сітуацыя стабілізавалася. Але ўсё будзе залежаць ад дзеянняў уладаў», — разважае эканаміст.
Варта нагадаць: магчымасцяў падтрымліваць курс рубля адміністрацыйна Нацбанк мае ўсё менш і менш — золатавалютныя рэзервы стабільна скарачаюцца. Адна надзея на крэдыты і даходы ад продажу дзяржактываў. Але крэдыты трэба аддаваць (і ўжо наступным летам), а дзяржактывы — хіба што апошняе, што засталося каштоўнага ў эканамічным цудзе Беларусі.