Шан Эванс, тэніс, танцы — што можна будзе пабачыць на Брытанскім фэсце ў Мінску?

У Мінску 16 чэрвеня пройдзе Вялікі Брытанскі фестываль. Упершыню Вялікабрытанія прадэманструе беларусам сваю культуру, бізнес, адукацыю, спорт і іншыя сферы, у якіх яна сапраўды лепшая ў свеце.

Пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб (у цэнтры)

Пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб (у цэнтры)

Усяго на свяце запланавана дзесяць зон. Традыцыйна, фэст будзе праходзіць на Плошчы Свабоды, паведамілі на прэс-канферэнцыі да Брытанскага фестывалю ў Мінску.
Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь Фіёна Гіб адзначыла: «Гэта наш першы досвед у арганізацыі Брытанскага фэсту, але мы арганізуем яго па-вялікаму. Мы плануем ахапіць фэстам не толькі Плошчу Свабоды, але і шэраг блізкіх да яе вуліц і дворыкаў. Для гасцей фэсту будзе падрыхтаваны план усіх зон. Кожнаму наведвальніку будзе дадзены буклет, каб было вядома, дзе знаходзяцца зоны фестывалю».
Свята пачнецца а 13 гадзіне шэсцем аўтамабілей-міні. Пасол Вялікабрытаніі заклікалі ўсіх, хто мае аўтамабілі такога кшталту, далучыцца да заезду. Пачатак аўтапрабегу — ад Дварца Спорту.
Адной з найбуйнешых зон фесываля будзе зона адукацыі. Падчас фестывалю Карэтны дворык ператварыцца ў філіал аднаго з брытанскіх універсітэтаў. У ім можна будзе даведацца пра атрыманне вышэйшай адукаццыі — ад паступлення ў прэстыжны ўніверсітэт, стыпендыяў, і да абароны дыплома. Госці змогуць здаць пробную версію міжнароднага экзамена IELTS — найбольш папулярнага моўнага тэста для паступлення ў брытанскія ўніверсітэты, праверыць свой узровень англійскай мовы. У гэтай секцыі будуць прадстаўлены і тыповыя брытанскія гульні — конкурс spelling bee (вымаўленне слоў па літарах) і спаборніцтвы па скрэблу.
Адметнасць зоны заключаецца ў тым, што яна будзе падзяляцца на дзіцячую, падлеткавую і дарослую.Для таго, каб усе госці змаглі пазнаёміцца з англійскай літаратурай, арганізатары рыхтуюць чатары стэнды з класікай для буккросінгу. А творы брытанскіх аўтараў будуць даступныя ў арыгіналы ў вялікім кніжным маркеце.

fiona_hib_logo.jpg


Немагчыма ўявіць Брытанію без спартыўных гульняў. На Зыбіцкай за адну ноч будзе ўзведзены тэнісны корт маштабам 1:2 да знакамітага стадыёна ва Уімблдоне. Тут можна будзе атрымаць бясплатны ўрок вялікага тэнісу або сфатаграфавацца з кубкам Максіма Мірнага.
Ад кампаніі PROGOLF будзе і майстар-клас па гольфе. Арганізатары абяцаюць сюрпрызы і для фанатаў «Манчэстар Юнайтэд» і »Ліверпуля».
Па ўсёй тэрыторыі Верхняга горада будуць гучаць папулярныя брытанскія мелодыі ў выкананні артыстаў з Вялікабрытаніі. У Мінск прыедуць барабаншчыкі Melodians Street Orchestra, кавер-бэнд Somethin’ Regenerated і Шан Эванс, экс-вакалістка гуртка Kosheen.
У межах свята Мінск таксама наведае дызайнер Дэвід Лонгшоў. Яго калекцыя жаночай вопраткі будзе прадстаўлена на модным паказе. Акцёры з Вялікабрытаніі прадэманструюць урыўкі з твораў Шэкспіра.
Арганізатары пераконваюць: цікавай і карыснай будзе зона бізнесу. Jaguar, Bentley, Range Rover прэзентуюць на вялікім брытанскім «аўтасалоне». Дасягненні прадэманструюць кампаніі Perkins Engines i JCB, сусветныя лідары па вытворчасці машын і абсталявання.
На фэсце можна будзе пачуць шатландскую валынку, патаньчыць і пакаштаваць традыцыйную брытанскую кухню. Скончыцца фестываль а 23 гадзіне вечарынкай ад лонданскага клубнага брэнда Ministry of Sound.
З 2015 года ў Мінску зладзілася 25 фестываляў розных культур, на якіх былі прадстаўлены 17 краін. Брытанія сёлета будзе ўдзельнічаць упершыню.