Што адбываецца на «Гродна Азоце» ў другі дзень страйку

Частка азотаўцаў далучылася да страйку 27 кастрычніка. Прынамсі аднаго страйкоўца затрымалі, паведамляе Радыё Свабода.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


Дзе эпіцэнтр пратэсту

Асноўным месцам страйку застаюцца два буйныя, звязаныя паміж сабой цэхі — «Аміяк-3» і «Карбамід-4». Яны прыносяць «Азоту» значны прыбытак. Па словах аднаго з работнікаў, толькі «Аміяк-3» зарабляе мінімум 1 мільён эўра ў месяц. Да таго ж страйкуюць работнікі цэхаў АКіКАС (азотнай кіслаты і карбамідна-аміячнай сумесі) і цыклагексанону.

Яшчэ пара звязаных паміж сабой буйных цэхаў не страйкуе: «Аміяк-4» і «Карбамід-3».

Колькі чалавек страйкуюць

Дакладная колькасць страйкоўцаў невядомая. Работнікі паведамляюць пра больш як сотню на ўсім заводзе. Лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы збірае заявы ад супрацоўнікаў.

На «Гродна Азоце» працуе больш за 7 тысяч чалавек — без уліку прадпрыемства «Хімвалакно», якое цяпер уваходзіць у склад хімічнага гіганта.

Што адбывалася сёння

Ранкам 27 кастрычніка каля прахадной «Азоту» сабраліся паўсотні чалавек, каб падтрымаць тых, хто хоча далучыцца да страйку. Трэцяя змена з пачатку страйку цэху «Аміяк-3» адмаўлялася прыступаць да працы. Аднак потым некалькі чалавек пагадзіліся, рэшту работнікаў на змену знайшлі сярод начальства і іншых азотаўцаў.

Усяго ў «Аміяку-3» працуюць чатыры змены, кожная па 12 гадзін. Перад гэтым дзьве ўжо адмовіліся выконваць свае абавязкі. З вечара 25 кастрычніка адны і тыя ж людзі працавалі 36 гадзін запар.

Пад пытаннем застаецца начная змена, якая мае заступіць а 20-й гадзіне 27 кастрычніка. Пакуль недахоп людзей. Вядома, што кіраўніцтва абзвоньвае пенсіянераў і былых работнікаў з прапановай выйсці на працу.

Да таго ж начальства абвясціла пра пошук кадраў у цэх «Аміяк-3», некалькі азотаўцаў з іншых падраздзяленняў ужо выказалі жаданне перайсці туды. Падрыхтоўка тэхналагічнага персаналу для «Азоту» займае каля паўгода.

Цягам дня работнікі не збіраліся на прахадной, як напярэдадні. Зранку некаторых людзей запрасілі «на гутаркі» са службай бяспекі, прапаноўвалі напісаць заявы на звальненне па згодзе бакоў. Азотаўцы адмовіліся. Пасля гэтага рэшта страйкоўцаў разышлася па дамах.

Некаторым азотаўцам зранку заблакавалі электронныя пропускі, цяпер яны не могуць трапіць на завод, як звычайна, праз прахадную.

Што кажуць страйкоўцы

Страйкоўцы разлічваюць, што большасць калегаў не будуць пераймаць змены. Адны і тыя ж людзі, якія не страйкуюць, фізічна не змогуць працаваць нон-стоп. Тады кіраўніцтва вымушана аддасць загад пачаць спыненне вытворчасці.

Работнікі кажуць, што калі яны без дазволу начальства спыняць працу цэхаў, то могуць панесці крымінальную адказнасць, бо на «Азоце» ідзе складаны тэхналагічны працэс. Памылка пры спыненні можа прывесці да тэхналагічнай катастрофы. Са словаў «азотаўцаў», выбух на вытворчасці вынішчыць тэрыторыю ў радыюсе 40 кіламетраў.

Знік актывіст незалежнага прафсаюзу

Ранкам знік супрацоўнік «Аміяку-3» Аляксандар Жук. Ён уваходзіць у раду Беларускага незалежнага прафсаюзу ад свайго цэху. Апошні раз Жук выйшаў на сувязь у 6:22, з калегамі ён так і не сустрэўся. Як даведаліся азотаўцы, Жука забралі на размову ў КДБ. Увечары ён пазваніў жонцы. Ягоны далейшы лёс невядомы. Да таго ж, невядомыя спрабавалі трапіць у кватэру да работніка цэху цыклагексанону Дзяніса Сайко, аднак потым сышлі, калі падтрымаць Сайко прыйшлі іншыя гарадзенцы.

Што кажуць улады

Паводле афіцыйнай інфармацыі прадпрыемства «Гродна Азот», ранкам 26 кастрычніка адбылася спроба дэстабілізаваць абстаноўку. Каля прахадной заводу сабралася больш за 100 чалавек, большасць з якіх не працуюць на «Азоце». Паводле афіцыйнага паведамлення, правакацыйныя дзеянні лакалізавалі, забастоўкі на прадпрыемстве няма.

Прадстаўнік канцэрну «Белнафтахім» заявіў 27 кастрычніка, што ААТ «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналагічныя працэсы ў норме. Інфармацыю ў Telegram-каналах аб прыпыненні печаў на прадпрыемстве ў канцэрне назвалі правакацыяй.

Што адбывалася ў першы дзень страйку

Ранкам 26 кастрычніка на прахадной «Гродна Азот» сабралася каля 100–150 азотаўцаў і іншых гарадзенцаў. Туды прыехалі аўтобусы і жорстка затрымалі частку людзей. Па сведчаннях азотаўцаў, іх білі, абражалі, ставілі на калені. Па розных ацэнках, у РАУС аказаліся ад 32 (афіцыйная вэрсія міліцыі) да 100 чалавек. Потым усіх адпусцілі і завезлі на працу. Пасля затрыманняў нехта ўзняў над заводам бел-чырвона-белы сцяг. Каля 35 страйкоўцаў цягам дня заставаліся на прахадной і не ішлі на свае працоўныя месцы. Увечары яны пайшлі дадому.