Забастоўка на МЭТЗ працягваецца. «Хлопцы моцныя і адважныя, але чакаюць падтрымкі іншых»
Страйкуюць два цэхі, 16-й і 6-й. Прыпынак працы на іх азначае прыпынак працу ўсяго завода, трох тысяч чалавек, пра гэта паведамляе тэлеграм стачкама Беларуськалія.
Асноўны прыбытак электратэхнічны атрымлівае за кошт продажу трансфарматараў. Трансфарматар уладкованы так: бак — корпус, у які змяшчаецца стрыжань, заліваецца масла і г.д., няма бакаў — няма трансфарматара.
У 16-м цэху вырабляюць менавіта гэтыя бакі, працу выконвае 40-50 высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, і яны далучыліся да страйку. 6-ты цэх таксама нарыхтоўчы, ключавых рабочых прыкладна столькі ж, 30-40 чалавек, сітуацыя аналагічная.
Складскія запасы бакаў былі выбраныя яшчэ ў ліпені. З гэтага моманту праца ўсяго завода залежыць ад таго, колькі прадукцыі вырабіць 16-ы і 6-ы.
Цяпер у цэхах застаецца 30-40 адсоткаў асноўных рабочых. Астатнія, хто змог, узяў бальнічны, адгул, за свой кошт. Тыя, хто застаўся, робяць максімальна магчымы мінімум, проста каб не звольнілі прама цяпер.
Учора ў пачатку другой змены (пасля 17.00) да страйкоўцаў у 16-м прыехаў намеснік дырэктара завода па ідэалагічнай працы. Прывёз на кожнага па загадзе, падпісаным дырэктарам, аб адхіленні ад працы ў сувязі з невыкананнем службовых абавязкаў, уручыў тым, каго лічыць завадатарамі. Сітуацыю гэта не выправіла, там няма канкрэтнага лідара, рабочыя вырашылі дзейнічаць разам, разам і страйкуюць.
Другую змену з імі правёў начальнік цэха, трэцюю намеснік — гэта вельмі рэдкая, амаль немагчымая сітуацыя, начальства звычайна працуе да пяці.
Начальнік вытворчасці, А. Г. Рачыцкі, пераспрабаваў усе метады ціску, што прыдумаў, абяцаў даброты, пагражаў пазбаўленнем прэміі, потым звальненнем, потым спрабаваў выклікаць на размову рабочых па адным, каб яны не адчувалі падтрымкі таварышаў. Абяцаў, што камплектуючыя завод будзе закупляць у Турцыі, і, значыць, гэтыя працоўныя не патрэбныя заводу. Абяцаў, што кожнага з іх прымусяць праз суд выплачваць па трыццаць-сорак тысяч рублёў страчанай заводам выгады. Рабочыя слухалі, але працягвалі страйкаваць.
Хлопцы моцныя і адважныя, але чакаюць падтрымкі іншых прадпрыемстваў. На заводзе страйкуюць, італьянкай ці адкрыта, не толькі яны, канструктары, інжынерны склад, гэта не так прыкметна, таму што дзень прастою канструктара зусім не тое ж самае, што выключыць станок. Але фокус увагі менавіта на два гэтых цэхі. І ціску на іх таксама аказваецца больш за ўсё.