Акцёры мінскага Новага драматычнага тэатру абвясцілі страйк
Ліст пра далучэнне да агульнанацыянальнага страйку падпісалі 12 чалавек: дзевяць акцёраў (усяго ў трупе больш за два дзясяткі чалавек) і тры супрацоўнікі тэатру. 27 кастрычніка у тэатры прайшоў сход.
![teatr_novyj_teatr_minsk_lizy_chajkinoj_16_o_kompanii_20.jpg teatr_novyj_teatr_minsk_lizy_chajkinoj_16_o_kompanii_20.jpg](/img/v1/images/teatr_novyj_teatr_minsk_lizy_chajkinoj_16_o_kompanii_20.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Мы напісалі ліст і перадалі яго дырэктару тэатра Васілю Мартецкаму. У лісце змяшчалася інфармацыя, што мы далучаемся да агульнанацыянальнага страйку», — паведаміў акцёр тэатру Андрэй Бібікаў парталу Tut.by.
Акцёры, якія падпісалі ліст, адмовіліся выйсці на сцэну ў спектаклі «Бонусны сеанс псіхааналізу», які павінен быў адбыцца 27 кастрычніка.
«Мы не выйдзем на сцэну і заўтра, і паслязаўтра. Зараз мы ў падвешаным стане. Нам нічога не сказалі. Ці звольняць нас — невядома. Але, на жаль, усё да гэтага ідзе» — паведаміў Андрэй Бібікаў.
Новы драматычны тэатар Мінску вядзе сваю гісторыю ад тэатра-студыі «Дзе-Я?», які ўзнік у 1987 годзе. Ён набыў статус дзяржаўнага гарадскога тэатру сталіцы ў 1992 годзе.
Гэта адзіны дзяржаўны калектыў, які працуе не ў цэнтры Мінска, а ў адным з раёнаў — на вуліцы Лізы Чайкінай, непадалёк ад метро «Аўтазаводзкая».