Тозік: Беларусі патрэбны спецыялісты з веданнем кітайскай мовы

Беларусі патрэбны спецыялісты з веданнем кітайскай мовы, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік 11 верасня перад цырымоніяй адкрыцця ў Мінску Еўрапейскага форуму інстытутаў Канфуцыя.



china.jpg

«Нам патрэбны спецыялісты ў сферы атамнай энергетыкі, якая актыўна развіваецца ў Кітаі, у сферы кітайскай медыцыны, транспарту, тэлекамунікацый», — зазначыў Тозік.
Паводле яго слоў, падчас наведвання Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства БДУ імя Канфуцыя ў пачатку верасня гэтага года член Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК КПК і сакратарыята ЦК КПК Лю Юньшань запрасіў 100 беларускіх студэнтаў для навучання ў кітайскіх універсітэтах. «Калі гэтыя маладыя людзі правучацца ў кітайскіх універсітэтах, у іх там з’явяцца сябры, яны будуць ведаць мову, будуць ведаць развіццё сваёй галіны ў Кітаі. І гэта аблегчыць нам далейшае супрацоўніцтва», — заявіў віцэ-прэм’ер.
Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя праходзіць у Беларускім дзяржаўным універсітэце з 11 па 13 верасня. На мерапрыемства запрошаны звыш 250 прадстаўнікоў 77 інстытутаў кітаязнаўства імя Канфуцыя з 19 еўрапейскіх краін. Падчас форуму будуць працаваць чатыры секцыі, на якіх плануецца абмеркаваць пытанні, што тычацца развіцця кітаязнаўства і распаўсюджання кітайскай мовы і культуры ў краінах Еўропы.
Еўрапейскі форум інстытутаў Канфуцыя ўпершыню прайшоў у 2009 годзе ў Бруселі. Форум праводзіўся таксама ў Лондане, Будапешце, Вене і Балоньі.
belapan.com