Транспартная «мафія» ці народны пратэст? Хто перакрыў КПП на мяжы з Польшчай
Ужо чатыры дні цягнецца акцыя пратэсту польскіх перавозчыкаў ля пункта пропуску «Казловічы» пад Брэстам. Чаго патрабуюць пратэстоўцы і што стала прычынай блакіроўкі, разбіралася «Нямецкая хваля».
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
З 9 траўня прадстаўнікі некаторых транспартных кампаній Польшчы пачалі часткова блакаваць дарогу каля тэрмінала ў Карошчыне ля пункта пропуску «Кукурыкі» (з беларускага боку там знаходзіцца КПП «Казловічы» каля Брэста). Удзельнікі акцыі пратэсту патрабуюць забараніць уезд у Польшчу паўпрычэпам з беларускай і расійскай рэгістрацыяй, а таксама спыніць працу кампаній з Беларусі і Украіны на тэрыторыі Польшчы.
Чым незадаволеныя польскія грузаперавозчыкі
Польскія ўлады дазволілі блакаванне дарогі каля тэрмінала ў Карошчыне цягам месяца (да 9 чэрвеня), аднак самі дальнабойшчыкі маюць намер пратэставаць цягам двух тыдняў, каб прыцягнуць увагу ўрада. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у першыя дні акцыі ўдзел у ёй узялі каля сотні грузавікоў.
Пратэстоўцы заяўляюць, што іх канкурэнты з Беларусі прыдумалі хітрую схему, якая дазваляе абыходзіць санкцыі, уведзеныя ў ЕС супраць беларускіх і расійскіх грузаперавозчыкаў. «Яны захопліваюць наш рынак, карыстаючыся тым, што стварылі свае фірмы ў Польшчы, — расказвае адзін з польскіх дальнабойшчыкаў. — Сама фура ў іх — на польскіх нумарах, а прычэпы, на якія санкцыі не распаўсюджваюцца, маюць беларускую рэгістрацыю. Атрымліваецца, што пасля перасячэння мяжы беларусы гэты груз могуць везці далей у Маскву, а нам можна ехаць толькі да Брэста».
![Праца ў Еўропе для беларусаў: што прапануюць Да 14 еўра за гадзіну на рукі. Якія заробкі прапануюць беларусам у ЕС](/img/v1/images/_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Удзельнікі пратэсту лічаць, што такім чынам ствараецца нядобрасумленная канкурэнцыя, ад якой мясцовы бізнес нясе страты. «Мы не разумеем, чаму, увёўшы забарону на цягачы, пакінулі дазволы на прычэпы: калі забаронена адно, значыць, павінна быць забаронена і другое», — кажа яшчэ адзін пратэстоўца на тэрмінале ў Карошчыне.
Пры гэтым поўнай блакіроўкі руху на мяжы няма: удзельнікі акцыі прапускаюць па адной фуры за гадзіну, а транспарт з жывёламі і грузамі, якія хутка псуюцца, праходзіць без затрымак. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў беларускім Дзяржпамежкамітэце і паведамілі, што на раніцу 12 мая ў чарзе на выезд у Польшчу знаходзілася каля двух дзясяткаў фур.
Што думаюць пра сітуацыю дальнабойшчыкі з Беларусі
Беларускія кіроўцы велікагрузаў довады сваіх польскіх калег, якія ўдзельнічаюць у пратэсце, успрымаюць скептычна. Аляксандр, адміністратар аднаго з папулярных чатаў дальнабойшчыкаў, расказвае, што і сам вазіў прычэпы на беларускіх нумарах, але цяпер праблемы не бачыць: «Летась я таксама вазіў прычэп у Германію і Бельгію на выгрузку, але цяпер такіх выпадкаў вельмі мала».
На думку Аляксандра, незадаволенасць польскіх перавозчыкаў перш за ўсё звязана з тым, што ў гэтай краіне пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі і Расіі зарэгістравалася шмат беларускіх кампаній: «Іх фуры ездзяць на польскіх нумарах, занялі сваю нішу на рынку грузаперавозак, і гэта не ўсім мясцовым дальнабойшчыкам падабаецца — вось яны і страйкуюць».
![Працоўныя мігранты з Беларусі — пра вяртанне на радзіму і магчымасці ў Еўропе «Пакуль перспектыў на радзіме не бачу». Лёсы працоўных мігрантаў з Беларусі](/img/v1/images/_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Аляксандр не думае, што акцыя пратэсту прывядзе да нейкіх негатыўных наступстваў для беларускіх перавозчыкаў у Польшчы: «Напрыканцы сакавіка гэтага года ўжо была падобная гісторыя, калі польскія кіроўцы велікагрузаў блакавалі дарогі каля Варшавы, але ўсё засталося па-ранейшаму».
А вось іншы беларус-дальнабойшчык Мікалай не выключае, што цяперашняя сітуацыя ўсё-ткі можа адбіцца на далейшай працы беларускіх транспартных фірм у Польшчы: «Могуць увесці нейкія абмежаванні па "дазволах" (дазвол на праезд па тэрыторыі замежнай дзяржавы. — Заўв. рэд.), але наўрад ці гэта адаб'ецца, да прыкладу, на чэргах на мяжы. Усё-ткі для пратэсту нездарма выбралі час, калі гэтых чэргаў няма».
У пратэстах удзельнічае мясцовая транспартная «мафія»?
Міхал з Польшчы, уладальнік невялікай транспартнай фірмы, кажа, што цяперашні пратэст не адлюстроўвае меркавання ўсіх перавозчыкаў. «Гэта звычайная канкурэнтная барацьба, толькі не зусім сумленная. Так, ёсць такая праблема, што беларускіх фірм стала шмат у Польшчы, але яны працуюць на тых жа ўмовах, як і я, — расказвае Міхал. — Я не лезу ў гэтую сітуацыю, у мяне ёсць праца: шукаю новыя рынкі, заказчыкаў. Мне няма калі займацца глупствам. Дазволілі фірмам рэгістравацца, а цяпер іх забараніць? Польшча — еўрапейская дзяржава, і тут месца для працы ўсім хапае».
![Як памірае беларуская галіна грузаперавозак? Катастрафічнае падзенне грузаабароту: Як памірае галіна грузаперавозак?](/img/v1/images/_daroha___bezljudz___szasza__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Яшчэ больш жорстка выказаўся беларус Аляксей, які працуе лагістам у транспартнай кампаніі на ўсходзе Польшчы. Ён упэўнены, што цяперашнюю акцыю ладзяць тыя, хто не асабліва імкнуцца працаваць. Паводле слоў Аляксея, ініцыятарамі пратэсту выступаюць прадстаўнікі толькі некалькіх фірм: «Яны заўсёды скардзяцца, як ім цяжка жыць. Гэта проста мясцовая транспартная "мафія". Там некалькі дзясяткаў сямейных кампаній, якія лічаць, што гэты рынак — толькі для іх. А тут з'явіліся беларусы, якія не баяцца рызыкаваць».
Мужчына ўпэўнены, што насамрэч праблема не ў беларускіх перавозчыках, а ў тым, што стала менш грузаў і сітуацыя на рынку хутка мяняецца. «Польскі заснавальнік маёй кампаніі таксама кажа, што яму не падабаецца, калі тут з'явілася шмат беларускіх фірм, — расказвае Аляксей. — Але ён да гэтага спакойна ставіцца. Таму што разумее: гэтыя фірмы працуюць афіцыйна і плацяць падаткі».
Акцыя пратэсту і чэргі на мяжы
Беларускія дальнабойшчыкі, якія працуюць у Польшчы, звяртаюць увагу, што падобная акцыя з 4 траўня праходзіць ля пункта пропуску «Дарахуск» на польска-ўкраінскай мяжы. Там кіроўцы польскіх фур таксама заблакавалі пад'езд да КПП, прапускаючы па адной фуры на гадзіну і транспарт з гуманітарнымі грузамі. У выніку чарга на ўезд з Украіны ў Польшчу там, паводле інфармацыі ўкраінскага боку, вырасла да пяці тысяч грузавікоў і расцягнулася на 50 кіламетраў.
Як адзначае адміністратар чата дальнабойшчыкаў Аляксандр, вялікія чэргі раней былі і ў «Казловічах» каля Брэста, але толькі таму, што ён застаецца адзіным пунктам пропуску для грузавога аўтатранспарту на беларуска-польскай мяжы. «Калі польскі бок закрыў пункт пропуску ў Баброўніках, у кіроўцаў фур было прадчуванне калапсу на мяжы, — успамінае Аляксандр. — Але сітуацыя нармалізавалася, хтосьці паехаў на Літву, а затым беларускія ўлады прынялі свае контрмеры».
![Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю «Вымушаны чакаць найгоршага падыходу». Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю](/img/v1/images/polsha_migranty_granica_bruzgi_kuznica_09.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пад гэтымі контрмерамі дальнабойшчыкі маюць на ўвазе патрабаванне беларускага боку, каб польскія фуры перасякалі мяжу толькі на беларуска-польскім участку. Раней грузавікі з Польшчы маглі ўязджаць-выязджаць у Беларусь таксама з боку Літвы і Латвіі. Так што цяперашні пратэст, магчыма, звязаны і з гэтымі абмежаваннямі, якія павялічваюць маршрут для дальнабойшчыкаў.