«Вымушаны чакаць найгоршага падыходу». Польшча можа цалкам закрыць мяжу з Беларуссю
Пакуль Польшча не закрывае мяжы з Беларуссю цалкам, аднак гатова гэта зрабіць у любы момант, калі таго будзе патрабаваць нацыянальная бяспека. Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі ў эфіры «Польскага радыё» раніцай 21 лютага.
— Калі будзе такая неабходнасць, у першую чаргу з
меркаванняў бяспекі, то мы цалкам дакладна будзем гатовы гэта зрабіць, —
сказаў Павел Яблонскі ў адказ на пытанне, ці закрые Польшча мяжу з Беларуссю
цалкам.
Пакуль што ўлады краіны збіраюцца назіраць за сітуацыяй і
аналізаваць яе па меры развіцця.
— Мы ж не прымаем гэтых рашэнняў толькі на падставе
палітычных фактараў. Мы разумеем, што ёсць перавозчыкі, якія возяць праз мяжу
тавары, што не падпадаюць пад эмбарга, і зарабляюць на гэтым. Тым не менш, калі
наш аналіз пакажа, што пагроза для бяспекі нарастае, такія рашэнні, як закрыццё
мяжы, могуць быць прынятыя, — растлумачыў прадстаўнік МЗС.
Мяркуючы па яго словах, нармалізацыі сітуацыі польскія ўлады
не чакаюць.
— Таму мы ў першую чаргу раім усім, хто не можа абысціся без
кантактаў з Беларуссю, напрыклад, у пытаннях бізнесу, гандлю… На жаль, мы
вымушаны чакаць найгоршага падыходу [ад Беларусі], вымушаны чакаць хутчэй
нейкіх кепскіх крокаў з таго боку. І рызыка гэтага цяпер вышэйшая, чым была
раней, — канстатаваў Павел Яблонскі.
Ён таксама пракаментаваў пастаянныя прапагандысцкія нападкі
на Польшчу ў Беларусі і чарговыя нядаўнія заявы Лукашэнкі пра тое, што Польшча
хоча атакаваць Беларусь.
— Гэта поўная лухта, відавочна, што гэтыя заявы накіраваны на ўнутраную кансалідацыю лукашэнкаўскіх улад, — адзначыў прадстаўнік
польскага МЗС.
Як нагадвае «Л*стэрка», Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта
пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на вынясенне суровага
палітычнага прысуду журналісту, прадстаўніку польскай меншасці ў Беларусі
Андрэю Пачобуту (у дадатак мытнікі з пункта «Баброўнікі» былі затрыманы па
абвінавачанні ў садзейнічанні кантрабандзе).
Пасля гэтага ў МЗС Польшчы паведамлялі, што разглядаюць і
поўнае закрыццё мяжы, у той жа час іншыя польскія ведамствы абяцалі
перавозчыкам, што грузавы пункт «Кукурыкі — Казловічы» спыняць працу не будзе.
16 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі
назваў закрыццё пунктаў пропуску «эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў мерамі ў
адказ. 17 лютага МЗС заявіла пра высылку часткі польскіх дыпламатаў (у Польшчы
пазней пацвердзілі, што Беларусь пакінуць тры дыпламатычныя супрацоўнікі). У
той жа дзень урад Беларусі ўвёў абмежаванні на ўезд грузавікоў польскіх
перавозчыкаў: ім цяпер можна заязджаць на тэрыторыю нашай краіны толькі праз
беларуска-польскі ўчастак мяжы. Пасля гэтага ў Польшчы прыгразілі прыняць
аналагічныя меры ў дачыненні да беларускіх перавозчыкаў.
20 лютага Польшча ўвяла абмежаванне на апошнім грузавым
аўтадарожным пункце пропуску «Кукурыкі — Казловічы»: спыніла пропуск і
афармленне грузавікоў, зарэгістраваных у Беларусі (і іншых краінах, акрамя
дзяржаў Еўропы). Абмежаванне будзе дзейнічаць, пакуль Беларусь не здыме свае
новыя абмежаванні для польскіх перавозчыкаў.