Забарона для грузавікоў і скарачэнне штату консульства: Беларусь адказала на закрыццё «Бераставіцы»

Польскім грузавікам і цягачам абмяжуюць уезд у Беларусь, а штат консульства Польшчы ў Гародні павінен скараціцца. Так улады Беларусі адказалі на закрыццё Польшчай памежнага перахода ў Баброўніках.

_transpart___peravozki___lahistyka___daroha__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg


Паводле пастановы, якую падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, цяпер грузавікі, зарэгістраваныя ў Польшчы, змогуць уязджаць у Беларусь толькі праз беларуска-польскую мяжу.

«Рух грузавых аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Польшча, цяпер будзе ажыццяўляцца для здзяйснення грузавых аперацый або перачэпкі толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы», — паведаміла прэс-служба ўрада.

Пастанова прынята ў сувязі з закрыццём польскім бокам пункта пропуску «Баброўнікі», падкрэсліваецца ў паведамленні.

Пры гэтым для раўнамернага размеркавання транспартных патокаў, што накіроўваюцца ў месцы для грузавых аперацый або перачэпкі, для пунктаў «Казловічы», «Прывалка» і «Беняконі» такія месцы дапаўняюцца пунктам мытнага афармлення «Бераставіца-ТЛЦ» і зонай чакання «Бераставіца».

Таксама беларускае МЗС сёння выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы Кшыштафа Ажану, каб праінфармаваць аб мерах у адказ «на антыгуманнае аднабаковае рашэнне» Варшавы закрыць рух у «Баброўніках».


Дыпламата апавясцілі аб змене правілаў перамяшчэння польскіх грузавых аўтамабіляў і цягачоў праз мяжу з Беларуссю. Таксама польскі бок абавязалі скараціць штат генеральнага консульства ў Гародні для «прывядзення да колькаснага парытэту з колькасцю супрацоўнікаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку».

А яшчэ беларускія ўлады «не бачаць сэнсу ў далейшым знаходжанні на сваёй тэрыторыі афіцэра сувязі памежнай службы Польшчы».

Адказнасць за «пагаршэнне ўмоў дзейнасці сваіх перавозчыкаў» беларускае МЗС звыкла ўсклала «на ініцыятара абмежавальных захадаў, гэта значыць на дзеючы ўрад Польшчы».

«Беларусь і далей не плануе ініцыятыўна пагаршаць умовы жыцця і вядзення бізнесу ні сваім, ні суседнім грамадзянам. Аднак любыя дэструктыўныя крокі польскага ўрада не будуць пакінуты без увагі… У гэтай сувязі пакідаем за сабой права на больш сур'ёзныя меры ў адказ для абароны нацыянальных інтарэсаў», — падкрэслілі ў беларускім МЗС.


Нагадаем, што пункт️ пропуску «Баброўнікі» спыніў працу 10 лютага. Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі патлумачыў гэты крок «інтарэсамі нацыянальнай бяспекі» і не выключыў закрыцця і іншых пунктаў на мяжы з Беларуссю.

Палітычныя аглядальнікі мяркуюць, што Польшча такім чынам адрэагавала на прысуд актывісту Саюза палякаў і журналісту Андрэю Пачобуту, якому 8 лютага беларускі суд выпісаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Пачобут прызнаны палітвязнем.

Паводле pozirkonline