Трое мінчукоў «цынічна» сарвалі сцяг У Гомелі — распачата крымінальная справа
Міліцыя затрымала дваіх мужчы і дзяўчыну, якія ўначы 29 жніўня сарвалі чырвона-зялёны сцяг з адміністрацыйнага будынка ў Гомелі, паведамляе прэс-служба МУС.

Як паведамляе ведамства, затрыманыя — 24-гадовая дзяўчына і двое мужчын (26 і 34 гадоў), якія прыехалі з Мінска ўдзельнічаць у аматарскіх спаборніцтвах па пляжным валейболе.
«Пасля спартыўнага мерапрыемства маладыя людзі накіраваліся ў бар, дзе выпівалі, а пасля пайшлі гуляць. На вуліцы Савецкай кампанія звярнула ўвагу на сцяг: з дапамогай хлопцаў яго цынічна сарвала дзяўчына», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Следчыя распачалі крымінальную справу за здзек з дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Фігуранты змешчаны ў ІЧУ. Паведамляецца, што двое з'яўляюцца менеджарамі ў фірмах, яшчэ адзін — працоўны ў індывідуальнага прадпрымальніка.