У Баранавічах затрымалі кіраўніцтва авіяцыйнага завода — з-за карупцыі ці з-за вайны?
У Баранавічах у сярэдзіне чэрвеня затрымалі кіраўніцтва 558-га Авіяцыйнага рамонтнага завода. Што пра гэта вядома?
Пра затрыманні рэдакцыі «З*ркало» ў розны час паведамілі не звязаныя паміж сабой крыніцы, а пасля інфармацыю пацвердзілі і супрацоўнікі прадпрыемства.
Кіраўніцтва авіяцыйнага завода ў Баранавічах затрымалі яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня, распавялі суразмоўцы журналістам. Дакладную прычыну яны не ведаюць, але мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, абвінавачванне звязана з карупцыяй і ўхіленнем ад выплаты падаткаў.
— У іх былі велізарныя сумы. Магчыма, гэта не звязана з палітыкай, але цягам некалькіх месяцаў да затрымання кадэбэшнікі выклікалі на допыты, праслухоўвалі тэлефоны, шукалі, хто можа дасылаў фота самалётаў, якія ляталі ў бок Украіны. А як вынік — нейкі чалавек сядзець. Вядома, што дапытвалі нават тых, хто звольніўся раней, — распавяла журналістам крыніца, знаёмая з сітуацыяй.
Як удакладнілі некалькі супрацоўнікаў прадпрыемства, затрыманыя — былы дырэктар завода Павел Пінігін і яго намеснік Вячаслаў Іванчукоў. Акрамя іх, верагодна, па справе праходзяць і затрыманыя яшчэ мінімум трое супрацоўнікаў завода.
Вядома, што Паўлу Пінігіну 60 гадоў, ён нарадзіўся ў Баранавічах. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйна-інжынернае вучылішча. Больш за 30 гадоў прысвяціў Баранавіцкаму заводу: туды ён прыйшоў яшчэ ў 1991 годзе. За гэты час Пінігін атрымаў яшчэ адну адукацыю, але ўжо ў галіне міжнародных адносін, скончыўшы Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Паступова падымаўся па кар'ернай лесвіцы — і ў 2015 годзе ўзначаліў авіяцыйна-рамонтны завод у Баранавічах. На сайце завода імя Пінігіна ўжо няма. Там пазначана, што прадпрыемства ўзначальвае Андрэй Тучын, які выконвае абавязкі дырэктара.
Пра Вячаслава Іванчукова вядома менш. Яму 58 гадоў, ён жанаты. Іванчукоў таксама скончыў Харкаўскае авіяцыйна-інжынернае вучылішча, выпусціўся ў 1986 годзе.
У якім статусе цяпер знаходзяцца гэтыя людзі і якія абвінавачванні ім прад'явілі, невядома.
Між тым, як пісаў НЧ, паводле звестак украінскай выведкі, расійскае і беларускае міністэрства абароны падпісалі тэрміновыя кантракты на рамонт авіяцыйнай тэхнікі. Групы работнікаў 558-га Авіяцыйнага рамонтнага завода з Баранавіч перыядычна адпраўляюцца ў камандзіроўкі ў Расію, дзе працуюць на 121-м Авіяцыйным рамонтным заводзе ў Кубінцы. Там беларусы займаюцца аднаўленнем і ўводам у эксплуатацыю авіяцыйнай тэхнікі, у асноўным, знішчальнікаў МіГ-29.