У Бешанкавічах будуць вырабляць лекі супраць раку

Акцыянерамі прадпрыемства NatiVita сталі інвестары з Беларусі, Літвы, Славаччыны ды Індыі.

tabletki_ot_impotencii.jpg


13 ліпеня ў Бешанкавічах на Віцебшчыне распачынае дзейнасць высокатэхналагічнае фармацэўтычнае прадпрыемства NatiVita. Ягонымі акцыянерамі сталі інвестары з Беларусі, Літвы, Славаччыны, Індыі.Асноўнай прадукцыяй будуць інавацыйныя супрацьпухлінныя сродкі, рынак паставак — унутраны, СНД і краіны Еўрасаюза.
NatiVita — прадпрыемства кластэру „Медыцына і фармацэўтыка”, зарэгістраванага ў Віцебскай вобласці. У агляднай перспектыве ў дадатак плануецца арганізацыя даследчага цэнтру, каб ажыццяўляць сінтэз субстанцый для стварэння новых вытворчасцяў; акрамя таго, запрацуе інжынірынгавы цэнтар, дзе будуць адаптоўвацца сучасныя тэхналогіі.
Як сказаў падчас азнаямленчай паездкі на прадпрыемства журналістам старшыня Рады дырэктараў NatiVita Аляксей Сычоў, новая вытворчасць дазволіць скараціць выдаткі бюджэту на набыццё імпартных прэпаратаў супраць раку лёгкіх і малочнай залозы. На сёння афіцыйна зарэгістравана 13 прэпаратаў, 3 знаходзяцца на стадыі ўзгаднення, яшчэ 5 — у працэсе падрыхтоўкі.
Інвестарамі праекту — ZIA Valda AB (Літва), NATCO Pharma Limited (Індыя), Invest Pharma a.s. (Славаччына), а таксама кампанія — імпарцёр лекаў „ВітВар” (Беларусь). Каб вытворчасць і навуковы цэнтар адпавядалі ўсім стандартам, у аўтарскім наглядзе ўдзельнічалі адмыслоўцы з Украіны, Літвы, Бельгіі.
Усе лекавыя сродкі, запланаваныя да выпуску, будуць рэгістравацца не толькі ў Беларусі, але і ў Славаччыне, а далей — у іншых краінах Еўрасаюза. Мяркуецца, што ў наступным годзе на рэгістрацыю ў ЕС будзе пададзены асартыментны пералік з 7 пазіцый. Прагназуецца, што агульны аб’ём экспарту да 2020-га дасягне 50 мільёнаў долараў.
Паводле беларускай службы Польскага радыё