У Гародню зноў едзе адыёзны прапагандыст «русского мира» Віктар Каліна
У Гародні зноў запланаваны канцэрт адыёзнага спевака Віктара Каліны. Ён ведамы сваёй апантанай прыхільнасцю да "русского мира" і яго прапагандай. На афішах спявак з вельмі сумнеўнай рэпутацыяй прадстаўлены як "легенда русского шансона".
Канцэрт Каліны мае адбыцца 9 лістапада ў Гарадзенскім каледжы мастацтваў.
Напомнім, што год таму прадстаўнікі Гарадзенскай Дэмакратычнай кааліцыі палітычных партый АГП, БНФ, БСДП (Г) і БХД. выступілі з супольнай заявай супраць правядзення у сценах навучальнай установы УА “Гродзенскі дзяржаўны коледж мастацтваў” канцэрта з удзелам адыёзнага выканаўцы Віктара Мілько, які больш вядомы пад мянушкай ці то псеўданімам – Каліна. У сваёй заяве палітычныя актывісты звярталі ўвагу на тое, што Віктар Мілько (Каліна) неаднаразова наведваў часова акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей Украіны, дзе фатаграфаваўся разам з прадстаўнікамі сепаратысцкага руху, маючы на форменным адзенні знакі ўзнагароды і трымаючы зброю ў руках. У так званай ДНР Віктар Мілько атрымаў некалькі ўзнагарод, сярод якіх “Защитник Новороссии”. З чаго можна зрабіць выснову, што Віктар Мілько (Каліна) мог удзельнічаць у баявых дзеяннях на баку самаабвешчаных тэрарыстычных арганізацый. Спявак неаднаразова выказваў падтрымку сепаратыстам, у тым ліку ў сваіх песнях.
У сацыяльных сетках ён часта выказвае сваю праімперскую пазіцыю ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Дазваляе сабе прыніжаць людзей па нацыянальных і моўных прыкметах, выкарыстоўваючы вульгарныя звароты мовы і нецэнзурную лексіку, называючы некаторых грамадзян Беларусі “недабеларусамі".
Паводле harodniaspring.org