У Гомелі будуць судзіць мужчыну, які глядзеў «дэструктыўныя відэаканферэнцыі»
Гомельская міліцыя паведаміла пра затрыманне мясцовага жыхара, які ўдзельнічаў у «дэструктыўных відэаканферэнцыях». Інфармацыя пра яго з'явілася на сайце Гомельскага УУС.
Мужчыну знайшлі супрацоўнікі мясцовага ГУБАЗіК. Паведамляецца, што 32-гадовы жыхар абласнога цэнтра «ўдзельнічаў у апазіцыйных закрытых відэаканферэнцыях з удзелам збеглых, дзе абмяркоўваў арганізацыю і каардынацыю пратэсных акцый» у Гомелі.
Мужчына на відэа пацвердзіў, што глядзеў зум-канферэнцыі Валерыя Цапкалы, «таму што сам айцішнік», і Вольгі Карач. На пытанне аб палітычных поглядах гамяльчук сказаў, што прытрымліваецца «нейтральнага» пункту гледжання, ні ў якой дзейнасці не ўдзельнічае і ніякую інфармацыю нідзе не чытае.
На затрыманага былі складзеныя два пратаколы па арт. 19.1 (дробнае хуліганства) і 24.3 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы). Да суда яго адправілі ў ІЧУ.
Акрамя таго, затрыманаму гамельчуку вынеслі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці занятку экстрэмізмам.