У Гродне мужчына выпіў, пачытаў навіны, пайшоў да РАУС і разбіў пяць аўтамабіляў (абноўлена)
Эскалацыя гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту непазбежна прыводзіць да дзеянняў у адказ. Прычым, далёка не з боку пратэстоўцаў.

Як паведамляе AUTO.TUT.BY са спасылкай на Следчы камітэт, нецвярозы мужчына бітай разбіў пяць аўтамабіляў у Гродне. Інцыдэнт адбыўся ноччу 3 лістапада.
Паводле звестак следства, мужчына драўлянай бітай разбіў пяць аўтамабіляў, якія знаходзіліся на неахоўваемай аўтастаянцы каля будынка Кастрычніцкага РАУС. Ён быў затрыманы ў момант здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.
37-гадовы мужчына распавёў, што незадоўга да здарэння дома выпіваў спіртныя напоі і чытаў навіны. Тое, што ён прачытаў, яму не спадабалася, таму ён узяў біту і пайшоў да будынка міліцыі, дзе разбіў аўтамабілі.

«Наша Ніва» паведамляе, што чатыры з пяці пашкоджаных аўто належалі міліцыянтам.
У дачыненні да мужчыны следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 339 (Хуліганства) КК Беларусі.