У Індэксе гендарнай роўнасці СЭФ Беларусь абыйшла Польшчу, Расію і Украіну

Беларусь у справаздачы СЭФ The Global Gender Gap Report 2018 заняла 28-е месца, апярэдзіўшы шматлікія постсавецкія краіны.

gender_1.png

У даследаванні Сусветнага эканамічнага форуму (СЭФ) прынялі ўдзел 149 краін. Індэкс гендарнай роўнасці разлічваўся па 14 паказчыках становішча мужчын і жанчын у чатырох тэматычных галінах: эканамічныя магчымасці, удзел у палітычным жыцці, даступнасць адукацыі і здароўе і працягласць жыцця. Акрамя таго, у гэтым годзе ў справаздачы былі даследаваны гендарныя адрозненні ў навыках, звязаных са штучным інтэлектам.
У выніку першае месца 10-ы раз запар у індэксе заняла Ісландыя. Яна набрала 0,858 бала. Гэта значыць эксперты палічылі, што ў Ісландыі гендэрны разрыў закрыты на 85,8%. На другім месцы — Нарвегія, дзе гэты разрыў закрыты на 83,5%, на трэцім — Швецыя (82,2%), на чацвёртым — Фінляндыя (82,1%), а на пятым нечакана апынулася Нікарагуа, дзе гендарны разрыў закрыты на 80,9%.
У Беларусі, якая заняла 28-е месца рэйтынгу, паказчык дадзенага разрыву складае 74,7%. Самы лепшы паказчык у краіны па гендарнай роўнасці ў эканамічных магчымасцях. Па ім Беларусь займае 6-е месца ў індэксе. Горшы паказчык — у сферы палітычных правоў. Тут Беларусь займае 74-ю пазіцыю.
Дзве краіны суседкі абышлі Беларусь у індэксе гендарнай роўнасці. Латвія з паказчыкам 75,8% заняла 17-е месца, а Літва (74,9%) — 24-е месца.
Характэрна, што ва ўсіх краін СНД пазіцыі ў рэйтынгу горш, чым у Беларусі. У прыватнасці, Казахстан у спісе трапіў на 60-е месца, Украіна — на 65-е, Расія — на 75-е.
Суседняя Польшча таксама апынулася ў рэйтынгу ніжэй за Беларусь, заняўшы 42-ю пазіцыю.
Паводле thinktanks.by