У Магілёве прыбіральшчыкаў мабілізавалі на змаганне з улёткамі
У Магілёве прыбіральшчыкі пазрывалі ўлёткі пра акцыю Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Абвесткі з'явіліся ў цэнтры горада 29 чэрвеня і заставаліся некранутымі амаль двое сутак.
У прыватнай гутарцы адзін з дворнікаў сказаў, што камунальнікам загадалі агледзець гарадскі цэнтр і «ліквідаваць крамолу», каб яе не пабачылі тыя хто прыйдзе на святкаваньне Дня гораду.
1 ліпеня па цэнтральнай вуліцы Магілёва адбылося тэатральнае шэсце, а ўвечары канцэрт на плошчы Леніна, слупы якой былі заклееныя ўлёткамі.
«Святочны збор» на Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў арганізуе адзін з лідэраў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу былы палітвязень Мікола Статкевіч.
Палітык паведаміў у Мінскі гарвыканкам, што збіраецца 3 ліпеня правесці сход. У лісце прапанаваў выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае і бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства.
Паводле svaboda.org