У Маскве затрымалі беларуса, які кіраваў групай махляроў з нерухомасцю

У Маскве супрацоўнікі паліцыі затрымалі мужчыну, якога падазраюць у махлярстве на тэрыторыі Беларусі, паведамляе прэс-служба МУС Расійскай Федэрацыі.

8f8c2c1642551162537e76b58ad60786.jpg

Фота in-news.ru


50-гадовага мужчыну затрымалі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Расіі разам з калегамі з ГУБАЗіК МУС Беларусі. Мужчыну шукалі за махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і стварэнне злачыннай арганізацыі, патлумачыла афіцыйны прадстаўнік МУС Расіі Ірына Воўк.
Паводле звестак беларускіх праваахоўнікаў, мужчына стварыў і ўзначаліў групу, якая незаконна завалодвала кватэрамі сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян.
У лютым 2015 года Следчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу па 70 фактах афёраў з нерухомасцю. Кіраўніку групы завочна выставілі абвінавачванне. Суд прызначыў яму завочна заключэнне пад варту, а потым мужычну абвясцілі ў міждзяржаўны вышук.
Беларускія аператыўнікі высветлілі, што мужчына хаваецца ў Маскве і вядзе канспіратыўны лад жыцця. Ён абарваў усе ранейшыя сувязі, у тым ліку і сваяцкія, цалкам памяняў кола кантактаў. Уцякач часта мяняў адрасы пражывання і нумары мабільных тэлефонаў.
Знайшлі маскоўскія паліцыянты і затрымалі пры дапамозе байцоў спецыяльнага атрада хуткага рэагавання «Рысь». Цяпер вырашаецца пытанне пра яго этапаванне ў Беларусь.
«Еўрарадыё»