У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на шэсце 25 сакавіка
Прадстаўнік аргкамітэту па адзначэнні 100-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР Сяргей Спарыш паведаміў belsat.eu, што сёння ў Мінгарвыканкам была пададзена заяўка на шэсце на Дзень Волі.
![dzenvoli__1_of_1__9_logo_1_1.jpg dzenvoli__1_of_1__9_logo_1_1.jpg](/img/v1/images/dzenvoli__1_of_1__9_logo_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Заяўку падалі раніцай 7 сакавіка. Паводле плану заяўнікаў, мерапрыемства пад назвай «Марш годнасці і волі» мае пачацца з мітынгу а 12-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа. Адтуль удзельнікі збіраюцца рушыць па праспекце Незалежнасці да вуліцаў Кісялёва, Багдановіча і завершыць шэсце на плошчы Парыжскай камуны а 14-й.
![shestse.jpg shestse.jpg](/img/v1/images/shestse.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У якасці арганізатараў у заяве фігуруюць тры асобы: Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі і Ігар Краўчанка. Заяўнікі бяруць на сябе адказнасць за захаванне патрабаванняў заканадаўства, забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі падчас дэманстрацыі і мітынгу.
Папярэднюю заяўку на правядзенне шэсця 25 сакавіка гарадскія ўлады адхілілі, а сябры аргкамітэту падзяліліся ў меркаваннях наконт неабходнасці такога шэсця.
«Пакуль што мяч на баку ўладаў, але мы хочам паказаць і ім, і ўсяму свету, што годна адзначаем 100-годдзе БНР. Мы таксама хочам прадэманстраваць, што не забыліся на людзей, якія год таму выходзілі са сваімі патрабаваннямі, мы памятаем аб іх праблемах», – пракаментаваў belsat.eu гэтую ініцыятыву Мікола Статкевіч.
На думку палітыка, сілавога сцэнару, разгону шэсця (нават калі яно будзе недазволеным) чакаць не даводзіцца.
«Такіх пратэставых настрояў, як год таму, сёння няма, адпаведна, і страху такога няма. Таму хай толькі паспрабуюць крануць людзей», – сказаў Статкевіч.