Пашкаўскі сельсавет пераблытаў 100-годдзе БНР з 23 лютага

Пашкаўскі сельсавет памылкова паведаміў пра ўручэнне 3 медалёў з нагоды 100 гадоў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе "Радыё Свабода".

d344c4ef_0229_4965_8597_754a59eef6a8_cx0_cy37_cw0_w1023_r1_s_6dh8l.jpg

27 лютага «моўны інспэктар» Случак накіраваў у Пашкаўскі сельсавет Магілёўскага раёна запыт наконт запланаваных мерапрыемстваў з нагоды юбілею БНР.

У адказе падпісаным выконваючай абавязкі старшыні сельсавета Дземянковай гаворыцца:

«Наш ваш запыт Пашкаўскі сельскі выканаўчы камітэт паведамляе, што з нагоды 100 год абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі Пашкаўскім сельскім выканаўчым камітэтам уручана тры медалі».

a3c178b1_92fd_4dea_a6b2_98169766881d_w1597_n_r0_s.jpg

Копія ліста разышлася па сацыяльных сетках і сайтах СМІ.

«Я быў здзіўлены гэтым адказам, — кажа Радыё Свабода Ігар Случак. — Звычайна прыходзяць паведамленні, што мерапрыемствы па адзначэнні 100 год БНР або не запланаваны, або ў некаторых выпадках паведамляецца, што пройдуць мерапрыемствы ў бібліятэках, або ва ўстановах адукацыі.

У выпадку ж з Пашкаўскім выканкамам было паведамлена пра ўручэнне медалёў. Як на маю думку, то тут або нейкая памылка — людзі ў тым “мядзведжым кутку” пераблыталі 100 год БНР з 100 гадамі БССР або Савецкага войска, або гэта быў такі недарэчны жарт ад кіраўніцтва выканкама, які быў зроблены ў афіцыйным выглядзе і завераны пячаткай.

Так ці інакш, гэта падстава для чарговага звароту — трэба ж усё ж даведацца, што за медалі былі ўручаныя, каму і за што. Можа мы не ведаем, а ў Пашкаве яшчэ жывыя ветэраны Слуцкага паўстання, або жаўнеры Асобнага атраду БНР Булак-Балаховіча і нашае Міністэрства абароны ўганаравала іх памятнымі медалямі».

Выканаўца абавязкаў старшыні сельскага выканаўчага камітэта Вольга Дземянкова патлумачыла “Радыё Свабода”, што ў адказе змяшчаецца памылка.

«Мы ўручылі 3 медалі з нагоды 100-годдзя ўтварэння ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь», — распавядае Вольга Мікалаеўна. Паводле яе, медалі выдалі ў мясцовым ваенкамаце, іх уручылі ветэранам вайны.

Афіцыйна сёлета ўзброеным сілам Рэспублікі Беларусь спаўняецца 100 гадоў.

Як здарылася, што Ігар Случак атрымаў афіцыйны адказ з такім зместам? «Напэўна, выканаўца нешта не так пераклала», — мяркуе Вольга Дземянкова.

З нагоды 100-годдзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі ніякіх мерапрыемстваў Пашкаўскі сельскі савет не планаваў і не плануе.