У мінскім скверы Катоўка зноў пачалі высякаць дрэвы
Зранку 7 снежня работнікі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Зеленбуд Савецкага раёна г. Мінска» працягнулі высякаць дрэвы ў мінскім скверы Катоўка ў Сельгаспасёлку.

Фота: БелаПАН
Пра гэта агенцтву БелаПАН распавяла прадстаўніца экалагічнага таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна.
Па яе словах, рабочыя прыехалі а сёмай гадзіне раніцы і пачалі працаваць яшчэ ў цемры. Яны паспелі ссячы два дрэвы. Экаактывістка паведаміла, што на месцы высечкі зноў сабраліся навакольныя жыхары, каб перашкодзіць знішчэнню часткі сквера.
Як паведамляла Еўрарадыё, высякаць дрэвы ў Катоўцы пачалі 6 снежня. Рабочыя паспелі ссячы два дрэвы цалкам, яшчэ адно — не да канца. Перашкодзілі іх працы экаактывісты і навакольныя жыхары.
У скверы плануецца пабудаваць каталіцкі касцёл. Для яго будаўніцтва плануецца высекчы 10% дрэваў у скверы.
Мясцовыя жыхары прапаноўвалі пашукаць іншае месца пад будаўніцтва храма. Сёння ініцыятыўная група жыхароў Сельгаспасёлку плануе абмеркаваць праблему на прыёме ў старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца.
Паводле euroradio.fm