У Мінску камунальныя службы раскапалі мацэвы

На вуліцы Сухой у Мінску, насупраць Гістарычнай майстэрні, камунальныя службы закранулі ўскраек старых габрэйскіх могілак і раскапалі мацэвы — надмагільныя камяні, паведамляе Радыё Свабода.

Фота Аляксандра Фурса

Фота Аляксандра Фурса

Экскурсавод, мінскі краязнаўца Павал Дзюсекаў паведаміў, што насупраць будынку Гістарычнай майстэрні на вуліцы Сухой у Мінску камунальныя службы раскапалі камунікацыі.
Кіраўнік праекту «Габрэйскае аблічча Беларусі» Аляксандар Фурс пабываў у нядзелю на месцы раскопак. На яго думку, раскапаныя камяні могуць быць мацэвамі.


«Магчыма, гэта капалі рабочыя цепласетак альбо камунальныя службы. Ніякіх шыльдаў, хто і што капае, няма. Адзін надмагільны пастамент дакладна бачны. Вялікія камяні — гэта хутчэй за ўсё таксама будуць мацэвы, тым больш, прастакутныя камяні, але іх трэба пераварочваць. Трэба будзе ў панядзелак звязацца з тымі, хто капае, і папрасіць іх вельмі ашчадна перавярнуць камяні, прасеяць зямлю», — кажа Аляксандар Фурс.
Ён ужо спрабаваў звязацца з дырэктарам Музея гісторыі і культуры габрэяў Вадзімам Акапянам. Звычайна, калі знаходзяць мацэвы (як было нядаўна насупраць будынку БДУ), іх звозяць да Мемарыялу ахвяраў гета на Сухую, паведаміў спадар Фурс.