У Мінску расследуюць крымінальную справу аб давядзенні да самагубства салдата
У Мінску расследуюць крымінальную справу аб траўмаванні салдата тэрміновай службы 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, пиша «Еўрарадыё».

Артыкул — "Давядзенне асобы да самагубства ці замаху на яго шляхам жорсткага абыходжання з пацярпелым ці сістэматычнага прыніжэння яго асабістай годнасці" (ч. 1 арт. 145 КК), інфармуе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта.
21-гадовы мінчанін Андрэй Макаед праходзіў службу ў 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе. Раніцай 13 красавіка яго знайшлі на газоне ў непрытомным стане: хлопец упаў з вышыні чацвёртага паверха. Ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў вайсковым шпіталі ў стабільна цяжкім стане. Макаед быў прызваны ў войска мінулай восенню, да таго ён працаваў газаэлектразваршчыкам на “Беларуськаліі”.
Следчыя адпрацоўваюць некалькі версій. Яны высветлілі, што ў прыбіральні салдат знаходзіўся адзін і не было кантакту з іншым вайскоўцам. Менавіта з яе акна ён і ўпаў.
Вывучаецца "маральна-псіхалагічны клімат" у падраздзяленні. Не выключаецца, што гэта была спроба суіцыду. Таму асаблівую ўвагу надаюць магчымым матывам. Дапытваюцца вайскоўцы, прызначана судова-медыцынская экспертыза.