У Мінску ўручылі Нацыянальныя прэміі імя Віктара Івашкевіча
У офісе Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) 21 сакавіка прайшло ўручэнне Нацыянальных прэміяў у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча. Лаўрэатаў уганароўвалі ўжо ў дваццаты раз.

Былыя і цяперашнія лаўрэаты
Пасля працяглага перапынку цырымонія адбылася зноўку ў Мінску. Як патлумачыў адзін з арганізатараў імпрэзы, каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, ад 1999 да 2010 году мерапрыемствы праходзілі ў беларускай сталіцы, але пасля разгону акцыі пратэсту супраць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 году заснавальнік прэміі – рэдакцыя сайту “Хартыя-97” была змушана з’ехаць з краіны.
Сёлета арганізатары вырашылі правесці ўручэнне прэміі зноўку ў Мінску, паколькі некаторыя з лаўрэатаў не могуць пакідаць тэрыторыю краіны паводле рашэння ўладаў, а, з іншага боку, некаторыя заснавальнікі прэміі па пэўных прычынах не могуць наведаць Беларусь.

Блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін
Гэтым разам узнагароды атрымалі брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Яны пастаянна асвятлялі акцыі пратэстаў месцічаў супраць будаўніцтва ў абласным цэнтры акумулятарнага завода, які берасейцы лічаць шкоднай вытворчасцю, што пагражае іх здароўю. За асвятленне пратэстаў Пятрухіна і Кабанава шматкроць затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, блогераў штрафавалі на вялікія сумы.
Яшчэ адну прэмію ў намінацыі “За асабістую мужнасць” атрымала Святлана Коржыч – маці загінулага ў войску жаўнера Аляксандра Коржыча, якога летась знайшлі павешаным у сутарэннях вайсковай часткі ў Пячах пад Бабруйскам. Святлане даводзілі, што яе сын засіліўся, але маці не паверыла ў гэта, і распачатая ёю кампанія па выкрыцці праўды выклікала шырокі рэзананс па ўсёй краіне. У выніку былі заведзены дзясяткі крымінальных справаў, у тым ліку і па давядзенні да самагубства, многія службоўцы апынуліся на лаве падсудных і за кратамі.

Леанід Кулакоў
Прэмімю “За асабістую мужнасць” атрымаў таксама грамадскі актывіст Леанід Кулакоў. Ён добра вядомы перш за ўсё як абаронца народнага мемарыялу ў Курапатах, як змагар супраць працы блізу Пантэона забаўляльнай установы. За час акцыяў пратэсту Кулакова і затрымлівалі, і штрафавалі, і нават наязджалі на яго аўтамабілем, у выніку чаго з пераломам рукі Леанід апынуўся ў шпіталі.

Вольга Нікалайчык і Сяргей Пятрухін
Нагадайма, што раней Нацыянальнай прэміяй у галіне абароны правоў чалавека ўганароўваліся першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прафсаюзны і палітычны дзеяч Віктар Івашкевіч, пасля смерці якога прэмія атрымала яго імя, а таксама экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, журналісты Ірына Халіп, Любоў Лунёва, Вольга Чайчыц, Мікола Маркевіч, актывісты Максім Вінярскі, Павел Белавус, кінарэжысёр-дакументаліст Вольга Нікалайчык і многія іншыя вядомыя асобы.

Ірына Халіп и Любоў Лунёва