У Мінску затрыманы аргентынскі мастак
Аргентынскі мастак Франчэска Басалецці, які прыехаў у Мінск
на міжнародны стрыт-арт-пленэр Urban Myths, затрыманы. Пра
гэта ў сваім твітэры паведаміў журналіст Раман Пратасевіч.
Як распавёў TUT.BY Раман Пратасевіч, Франчэска Басалецці пачаў працу над муралам,
выкарыстоўваючы пад'ёмнік. Яму
дапамагаў сябар, таксама аргентынец па нацыянальнасці, які прыехаў у Менск разам
з Франчэска. Як
удакладніў TUT.BY арганізатар пленэра Urban Myths Алег Ларычаў, мастак пачаў
маляваць свой праект без ўзгаднення з гарадскімі ўладамі, паколькі яму магло не
хапіць часу для завяршэння працы.
Паводле слоў Пратасевіча, падчас працы сябар Басалецці адышоў у суседнюю кавярню. У гэты час да дома, на якім мастак маляваў свой мурал, пад'ехала машына, з якой выйшлі людзі ў цывільным. Яны папрасілі ў Франчэска пашпарт. Вывучыўшы дакумент, затрымалі мастака і павезлі ў невядомым кірунку. Паводле інфармацыі Алега Ларычава, Басалецці быў дастаўлены ў Кастрычніцкі РУУС горада Мінска.
На просьбу аб каментары кіраўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі паведаміў TUT.BY, што ў яго адсутнічае інфармацыя пра затрыманне, таму ён не можа пацвердзіць ці абвергнуць гэту інфармацыю.
Пазней у Twitter ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што мастак
знаходзіцца ў Кастрычніцкім РАУС, высвятляецца, ці ёсць у яго дакументы.
Франчэска
Басалецці і яго сябар мелі падвойнае грамадзянства: Аргенціны і Італіі. Таму Раман
Пратасевіч звязаўся з пасольствам Італіі. У
цяперашні час дыпламаты спрабуюць даведацца пра месцазнаходжанне мастака па
дыпламатычных каналах, у тым ліку праз беларускі МЗС.
Нагадаем,
што на грамадскім абмеркаванні праекта кіраўнік Цэнтральнага раёна Ігар
Бузоўскі са шкадаваннем адзначыў, што пытанне ўзгаднення эскіза застаецца
адкрытым. І
ў рэальнасці можа атрымацца так, што праца будзе выканана хутчэй, чым яе
ўзгодняць ў горадзе.
Паводле news.tut.by