У Палаце прадстаўнікоў няма месца грамадству?
Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэй Навумовіч паведаміў, што шырокага абмеркавання зменаў у закон "Аб масавых мерапрыемствах" не атрымаецца — у іх рамонт.
Праваабаронца Наста Лойка атрымала
адказ з парламента на электронны зварот, у якім каманда валанцёраў ПЦ
“Вясна” прасіла дапусціць
да ўдзелу ў абмеркаванні змен у Закон «Аб масавых мерапрыемствах» прадстаўнікоў
грамадскасці.
У першую чаргу гаворка ішла аб прадстаўніках праваабарончых арганізацый — ПЦ “Вясна”, “Беларускага Хельсінкскага камітэта», БАЖ і іншых.
У сваім адказе спадар Навумовіч заўважыў, што «камісія ў ініцыятыўным парадку запрасіла для ўдзелу ў пашыраным пасяджэнні працоўнай групы па дапрацоўцы праекта Закона 6 сакавіка 2018 года прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, у тым ліку “Беларускі Хельсінскі камітэт”, “ Беларускую асацыяцыю журналістаў”, “ Цэнтр прававой інфармацыі”, а таксама праваабаронцу В.Стэфановіча».
На думку старшыні парламенцкай камісіі, гэтага аказалася больш, чым дастаткова. Запрашаць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці на абмеркаванне змен у заканадаўстве аб масавых мерапрыемствах зноў ён адмовіўся — у дэпутатаў рамонт:
"У сувязі з закрыццём у канцы красавіка 2018 года на капітальны рамонт Авальнай залы Дома Урада пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў будуць праходзіць у зале пасяджэнняў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. З улікам гэтага будзе адсутнічаць тэхнічная магчымасць для размяшчэння заяўленых вамі асоб пры разглядзе праекта Закона".
Адна з ініцыятараў звароту Наста Лойка лічыць, што Палаце прадстаўнікоў варта быць больш публічнай.
— Парламент любіць прымаць рашэнні за зачыненымі дзвярыма, і шкада. Я радая, што праваабаронцаў запрасілі на пасяджэнне працоўнай групы, але такія важныя законы трэба разглядаць больш публічна, — сказала праваабаронца.