Ля мемарыяла ў Трасцянцы нарэшце паставілі шлагбаум (фота)

Таксама на месцы растрэлаў нявінных людзей ва ўрочышчы Благоўшчына быў прыбраны вялізны насыпаны праз дарогу вал, абкошаныя ўсе тропы да крыжоў і помніка.

14543363_927232890722111_1701332148_n_logo.jpg


Грамадскія актывісты, якія праводзілі чарговую Акцыю памяці ахвяр камуністычны рэпрэсій у Благоўшчына (каля вёскі Трасцянец, Мінскі раён), прыемна здзівіліся, калі ўбачылі, што мясцовыя ўлады пачалі ўпарадкоўваць мемарыяльнае месца. Яшчэ ў жніўні па дарозе да крыжоў і помніка быў насыпаны агромністы вал, праз які было немагчыма перабрацца, а таксама ляжалі кучы смецця, навезенага машынамі, якія рэгулярна раз'язджалі па мемарыяле.
Цяпер жа ў Благоўшчыне ўсталявалі велізарны шлагбаум — машынам не праехаць, а сам вал прыбралі. 

20160827_171947_logo.jpg

 Так было раней

20160929_182619_logo.jpg

А так стала цяпер
Як вынікае з ліста, адрасаванага старшынём адміністрацыі Заводскага раёна Мінска А. Дараховічам грамадскай актывістцы Ганне Шапуцьцы, нарэшце скончана эпапея і з пахаваннем рытуальна забітага барана, які ў жніўні быў знойдзены прама на мемарыяльным месцы. Па словах чыноўніка, барана, як і паложана паводзе заканадаўства, пахавалі ў скотамагільніку, а супрацоўнікаў «Рэмаўтадора», якія спачатку проста засыпалі барана кучай пяска, пакаралі — знялі ад 10% да 50% прэміяльных, а таксама рабочым зрабілі вымовы.
У каментары НЧ Ганна Шапуцька апавяла, што ў Благоўшчыне неабходна яшчэ шмат чаго ўпарадкоўваць, каб прывесці мемарыял у прыстойны выгляд, і выказала надзею на дапамогу мясцовых уладаў у гэтым.