У Ваўкавыску ў дзіцяці — адзёр, яшчэ ў чатырох чалавек падазрэнне на яго. Што важна ведаць іншым?
У пяцігадовага дзіцяці ў Ваўкавыску Гродзенскай вобласці зарэгістравалі выпадак адзёру. Яшчэ ў чатырох чалавек, якія з ім кантактавалі, падазрэнне на захворванне.
Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзіла Ірына Глінская, намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
Дзіця не было прышчэпленае, бо бацькі ад прышчэпкі адмовіліся. Крыніца інфікавання пакуль не ўстаноўленая. У сям'і, дзе выхоўваецца дзіця, іншых выпадкаў адзёру або падазрэнняў на яго медыкі не выявілі. Аднак сярод тых, хто кантактаваў з дзіцем, ўсталявана чатыры чалавекі, у тым ліку і дзіця, з падазрэннем на адзёр. Яго бацькі таксама ў свой час адмовіліся ад прышчэпкі. Па адным з дарослых дадзеных аб тым, прывіваласяяно ці не.
— Яшчэ чатыры выпадкі — гэта падазрэнне на адзёр, то бок лабараторна яны не пацверджаны. Але першасныя дыягназы ёсць, — заўважыла Ірына Глінская.
На сайце Міністэрства аховы здароўя паведамляецца, што цяпер праводзіцца поўны комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, у тым ліку медыцынскае назіранне і вакцынацыя супраць адзёру асоб, якія знаходзяцца ў кантакце з хворым дзіцем.
Як раней паведамляў TUT.BY, за 2016-2017 гады ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі ў Беларусі склаў 98%. А гэта перавышае рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ўзровень у 97% сярод дзяцей.
У мінулым годзе ў нас быў зафіксаваны адзін выпадак завазнога адзёру. Распаўсюджвання ён не атрымаў дзякуючы высокаму ахопу прафілактычнымі прышчэпкамі.
Нацыянальны каляндар прадугледжвае прафілактычныя прышчэпкі ад адзёру ў 1 год і ў 6 гадоў. Абарону забяспечваюць менавіта дзве прышчэпкі. Медыкі раяць, калі звестак аб прышчэпках няма або вядома толькі пра адну прышчэпку ад адзёру, ці вы не хварэлі на адзёр раней, варта зрабіць прышчэпку нават даросламу не пазней як за месяц да паездкі ў іншую краіну, дзе зараз неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя. Напрыклад, Украіну і краіны ЕС.
Адзёр — гэта аэразольная інфекцыя: каб захварэць, досыць пабыць у адным памяшканні з тым, хто ўжо захварэў. Інкубацыйны перыяд (ад моманту заражэння да з'яўлення сімптомаў) — 10-18 дзён, максімальны — 21 дзень.
Калі ў вас падвысілася тэмпература, з'явіліся сып, болі ў горле, кашаль, запаленне слізістай вачэй, трэба неадкладна звяртацца да ўрача. І калі вы да гэтага былі ў краінах ЕС або Украіне, пра гэта таксама трэба распавесці доктару.
На 9 лютага 2018 года зарэгістравана больш за 3000 выпадкаў адзёру ва Украіне, Румыніі, Італіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Польшчы, Францыі і Швецыі.
Неспрыяльная сітуацыя складваецца таксама ў Сербіі. Па дадзеных Інстытута грамадскай аховы здароўя Сербіі, з пачатку кастрычніка 2017 года па 6 лютага 2018 года зарэгістравана 1884 выпадкі адзёру, з іх пяць выпадкаў скончыліся сьмерцю. Найбольшая колькасць выпадкаў адзёру зарэгістравана ў Бялградзе — 668.
У цэлым за мінулы год у краінах Еўропы зарэгістравана больш за 20 тысяч выпадкаў адзёру, каля 40 з іх — са смяротным зыходам. Найбольшая колькасць выпадкаў адзёру ў 2017 годзе адзначана ў Італіі (5004) і Румыніі (5560).
Больш за 60% хворых — людзі ва ўзросце да 20 гадоў. Больш за 80% захварэлых не былі прышчэплены супраць адзёру, што абумовіла распаўсюджванне інфекцыі ў Еўропе. Асноўнай прычынай нізкага ахопумпрафілактычнымі прышчэпкамі супраць адзёру ў асобных краінах Еўропы паслужыў рост колькасці адмоў ад вакцынацыі, які пачаўся з 2010 года.
Органы аховы здароўя еўрапейскіх краін працягваюць правядзенне санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, у тым ліку вакцынацыю насельніцтва.
Паводле tut.by